У 10 гарадах Беларусі актывістам “Вясны” забаранілі пікеты да 4 жніўня
Заяўкі на пікеты за вызваленне палітычных вязняў, якія праваабаронцы намераваліся зладзіць у Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, не задаволілі мясцовыя ўлады Наваполацку, Віцебску, Гомеля, Мазыра, Рэчыцы, Жодзіна, Барысава, Баранавічаў, Смаргоні ды Магілёва.
Як паведаміў каардынатар рэгіянальных філіяў Праваабарончага цэнтра “Вясна” Зміцер Салаўёў, гэтыя адмовы маюць фармальныя падставы і не сталі нечаканасцю для заяўнікоў пікетаў. Адсутнасць дамоваў з праваахоўнікамі, медыцынскай службай і камунальнікамі на абслугоўванне пікетаў – гэтая прычына з года ў год пераходзіць з адмовы ў адмову на любую заяўку пікетаў актывістамі грамадзянскай супольнасці.
- Гэтыя падставы для адмовы ў правядзенні пікетаў увогуле не адпавядаюць дзеючаму заканадаўству. Бо, згодна з пастановай Савета Міністраў, клопат пра ахову міліцыянтамі масавых мерапрыемстваў кладзецца на выканкамы, якія мусяць самі даслаць у мясцовыя аддзелы міліцыі копію заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства, і далей гэтае пытанне мусіць вырашацца ў працоўным парадку. Самі ж заяўнікі не мусяць хадзіць і ўпрошваць, каб з імі заключылі такую дамову. Гэта агульнарэспубліканская практыка, - кажа Зміцер Салаўёў.
Ён называе яшчэ адну пашыраную падставу для забароны пікетаў.
- Некаторыя праваабаронцы заяўлялі пікеты на шматлюдных пляцоўках у цэнтрах гарадоў, бо няма сэнсу праводзіць пікеты ў адведзеных выканкамамі месцах - дзесьці на стадыёне каля лесу ці на ўскрайку гораду, дзе ніхто не ходзіць. Атрымліваючы адмовы з гэтай прычыны, мы неаднаразова звярталіся да дзяржаўных органаў з просьбай прызначыць нармальныя пляцоўкі ў шматлюдных месцах, каб людзі маглі ажыццяўляць сваё права на распаўсюд і атрыманне інфармацыі, права на мірныя сходы – каб гэта не было прафанацыяй, - тлумачыць Зміцер Салаўёў.
Праваабаронцы будуць абскарджваць адмовы мясцовых уладаў у правядзенні пікетаў, а таксама надалей дамагацца ўнясення зменаў у спісы месцаў, зацверджаных для правядзення масавых мерапрыемстваў.