У Светлагорску з'явіліся плакаты супраць міліцэйскага свавольства (фота)
Акцыя супраць міліцэйскага свавольства была праведзена ў Светлагорску 2 жніўня актывістамі анархісцкага руху.
У сувязі з шакуючай гісторыяй пра тое, як двое міліцыянтаў да смерці замучалі звычайнага хлопца ў ІЧУ, былі расклеены пяцьдзесят плакатаў, якія інфармуюць жыхароў аб інцыдэнце, што адбыўся ў іх родным горадзе, піша revbel.org.
«Мы заклікаем жыхароў Светлагорска не маўчаць, не абыходзіць бокам чужое гора, не пісаць скаргі такім жа бандытам у пагонах, а дзейнічаць! Пачынаючы ад простага інфармавання пра свавольства, якое ўчыняецца, выказвання незадаволенасці і нязгоды з тым, што адбылося, і канчаючы адмовай ад падпарадкавання светлагорскай міліцыі і сілавым уздзеяннем на яе супрацоўнікаў - кожны зможа зрабіць свой ўнёсак, каб спыніць канвеер смерці», - кажуць арганізатары акцыі.
Нагадаем, што Аляксандр Акуліч памёр 26 траўня 2012 года ў ІЧУ Светлагорскага РАУС ад рук супрацоўнікаў міліцыі. Гэта былі чацвёртыя з пяці сутак, на якія ён быў змешчаны ў ІЧУ. Па заключэнні судмедэкспертызы, прычынай яго смерці з'явілася хранічная алкагольная інтаксікацыя, якая ўскладнілася развіццём стану адмены алкаголю з дэлірыем і ацёкам галаўнога мозгу. Дзеянні супрацоўнікаў ІЧУ так і не атрымалі ацэнкі з пункту гледжання своечасовасці аказання медыцынскай дапамогі.