Падтрымаем зняволеных праваабаронцаў Азербайджана!
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці далучацца да заявы з пратэстам супраць палітычнага пераследу вядомых праваабаронцаў Азербайджана, якая на наступным тыдні будзе перададзена ў амбасаду Азербайджанскай Рэспублікі ў Беларусі.
У заяве, прынятай 31 ліпеня з нагоды ўзяцця пад варту дырэктара Інстытут міра і дэмакратыі Лэйлы Юнус, якой прад’яўлены сур’ёзныя абвінавачанні, канстатуецца, што ў Азербайджане сістэматычна парушаюцца грамадскія і палітычныя правы, ажыццяўляецца палітычна матываваны пераслед дэмакратычных актывістаў, грамадскіх дзеячоў і праваабаронцаў, якія па сфабрыкаваных справах прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці.
Так, каля двух месяцаў таму ў Баку да турэмнага тэрміну ў пяць з паловай гадоў быў прыгавораны праваабаронца Анар Мамедлі, кіраўнік Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі, якому ўлады помсцяць за выкрыццё фальсіфікацыяў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2013 года.
Асаблівае абурэнне гэтыя рэпрэсіі выклікаюць у сувязі з тым, што з траўня 2014 года Азербайджан распачаў старшынства ў Камітэце міністраў Савета Еўропы.
Беларускія праваабаронцы выказваюць салідарнасць са зняволенымі азербайджанскімі калегамі, патрабуюць ад рэжыму Аліева неадкладнага вызвалення ўсіх без выключэння палітычных вязняў. Таксама дзеля іх вызвалення заклікаюць ЕС і ЗША, нягледзячы на эканамічныя кантакты з Азербайджанскай Рэспублікай, прыняць усе магчымыя захады для аказання ціску на ўрад гэтай краіны.
Пра сваё жаданне пра падпісанне заявы паведамляйце, калі ласка, на электронную скрыню: viasna@spring96.org