viasna on patreon

Заява ПЦ “Вясна” з нагоды ўзяцця пад варту і прад’яўлення абвінавачання вядомай азербайджанскай праваабаронцы Лэйле Юнус

2014 2014-07-31T18:57:35+0300 2014-08-06T11:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/junus_lejla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

30 ліпеня 2014 года ў горадзе Баку (Азербайджан) была затрыманая вядомая правабаронца, дырэктар грамадскага аб’яднання Інстытут міра і дэмакратыі Лэйла Юнус разам са сваім мужам Арыфам Юнусам. Затрыманне адбылося, калі яны накіроўваліся на мерапрыемства Інстытута свабоды і бяспекі рэпарцёраў.

Па месцы працы і пражывання праваабаронцаў былі праведзены ператрусы.

Увечары 30 ліпеня Лэйле Юнус было прад’яўлена абвінавачанне паводле шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу Азербайджанскай Рэспублікі (здрада радзіме, махлярства, ухіленне ад сплаты падаткаў, незаконнае прадпрымальніцтва). У дачыненні да яе была прыменена мера стрымання ўзяцце пад варту тэрмінам на тры месяцы. У дачыненні да Арыфа Юнуса вынесена абвінавачанне ў здрадзе радзіме, махлярстве і прыменена мера стрымання падпіска аб нявыездзе.  

Затрыманне Лэйлы і Арыфа Юнусаў звязана з іх актыўнай правабарончай дзейнасцю. Лэйла Юнус падрыхтавала спіс дзяржаўных службоўцаў Азербайджана, датычных да парушэння правоў чалавека, каб Еўрапейскім Саюзам і ЗША ў дачыненні да гэтых асобаў былі задзейнічаны персанальныя санкцыі.  

Затрыманне Лэйлы і Арыфа Юнусаў выклікае асаблівую занепакоенасць у сувязі з асуджэннем 26 траўня 2014 года праваабаронцы, старшыні Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі Азербайджана Анара Мамедлі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваным абвінавачанні ва ўхіленні ад уплаты падаткаў, незаконым прадпрымальніцтве і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Сапраўднай падставай для такога жорсткага прысуду Анару Мамедлі з’яўляецца праведзены яго арганізацыяй маніторынг прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку 2013 года, па выніках якога былі адзначаны шматлікія парушэнні, якія не дазваляюць прызнаць гэтыя выбары свабоднымі і дэмакратычнымі.        

Праваабарончы цэнтр “Вясна” канстатуе, што ў Азербайджане сістэматычна парушаюцца грамадскія і палітычныя правы, ажыццяўляецца палітычна матываваны пераслед дэмакратычных актывістаў, грамадскіх дзеячоў і праваабаронцаў, якія па сфабрыкаваных справах прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. Падчас зняволення правы палітычных вязняў груба парушаюцца, у дачыненні да іх ўжываюцца катаванні і іншыя віды бесчалавечнага абыходжання.

Асаблівае абурэнне гэтыя рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў Азербайджана выклікаюць у сувязі з тым, што з 14 траўня 2014 года да Азербайджана перайшло старшынства ў Камітэце міністраў Савета Еўропы.  

Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае рашучы пратэст у сувязі з палітычным пераследам вядомых праваабаронцаў Азербайджана і патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх без выключэння палітычных вязняў гэтай краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” таксама выказвае салідарнасць з палітычнымі вязнямі Азербайджана, сваімі калегамі-праваабаронцамі і заклікае краіны ЕС і ЗША, нягледзячы на эканамічныя кантакты з Азербайджанскай Рэспублікай, прыняць усе магчымыя захады для аказання ціску на ўрад краіны з патрабаваннем неадкладнага вызвалення палітычных вязняў.  

 

Да заявы далучыліся:

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend
"Праваабарончы альянс"
Офіс па правах людзей з інваліднасцю
Беларускі Хельсінкскі Камітэт
Дар'я Корсак 
Аляксандр Атрошчанкаў
Лявон Садоўскі
Марына Адамовіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства