viasna on patreon

Салігорск: дзяржкамітэт па маёмасці не бачыць парушэння заканадаўства ў існаванні двухмоўных назваў вуліц

2014 2014-07-29T08:34:35+0300 2014-07-29T08:35:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vulica-shylda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзяржаўны камітэт па маёмасці не бачыць парушэння заканадаўства ў існаванні двухмоўных назваў вуліц у беларускай сталіцы шахцёраў. Мясцовая грамадскасць заяўляе пра праблемы з выкананнем назвамі ўнутрыгарадскіх аб’ектаў сваёй непасрэднай функцыі - адраснасці.

Нагадаем, сябры салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ ужо доўгі час патрабуюць прывесці назвы шыльдаў на гарадскіх будынках у адпаведнасць Закону “Аб назвах геаграфічных аб’ектаў”. Паводле гэтага закону найменні геаграфічным аб'ектам у Беларусі прысвойваюцца на беларускай мове, а перадача іх на рускую мову магчымая толькі шляхам транслітарацыі.

Чыноўнікі з Дзяржкамітэтут па маёмасці небеспадстаўна лічаць, што дзеянне гэтага закону не распаўсюджваецца на найменні, прысвоеныя геаграфічным аб’ектам да ўступлення яго ў сілу, то бок да 2 сакавіка 2011 года. Пра небяспяку гэткіх калізій у заканадаўстве папярэджвае старшыня салігорскага ТБМ Мікалай Шаравар:

- Па-першае, існаванне падобных шчылін у заканадаўстве і надалей будзе перашкаджаць назвам унутрыгарадскіх аб’ектаў выконваць сваю непасрэдную функцыю адраснасці. Гэткая блытаніна, як мы ўжо заяўлялі раней, стварае ўмовы для ўзнікненныя недарэчных прававых і юрыдычных сітуацый. Бо назва вуліцы - гэта як прозвішча ў чалавека. Ніхто ж пакуль не здагадаўся прозвішчы ў пашпарце перакладаць на тры мовы, - кажа грамадскі дзяяч. - Па-другое, у Салігорску ўжо цэлы мікрараён пабудавалі з новымі вуліцамі, але і там іх назвы па-ранейшаму фігуруюць на рускай мове і без датрымання ўзаконеных правілаў транслітэрацыі.

Па словах Мікалая Шаравара, гарадская арганізацыя ТБМ працягне працу ў накірунку надання найменняў геаграфічным аб'ектам на беларускай мове, як таго патрабуе заканадаўства. Найперш актывісты плануюць зрабіць інвентарызацыю вуліц, створаных у Салігорскім раёне пасля 2 сакавіка 2011 года. Выяўленыя ў працэсе інвентарцызацыі факты парушэння закона “Аб геаграфічных назваў” будуць зноўку накіраваныя ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства