Брэст: актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі падалі скаргі ў Вярхоўны суд
Брэсцкі абласны суд прызнаў законнымі рашэнні аб накладанні штрафаў на сябраў АГП падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы. Не дала плёну і надзорныя скаргі на імя старшыні гэтага суду.
Як паведаміў Уладзімір Вуек, штрафы былі накладзены пасля правядзення перадвыбарчых мерапрыемстваў, якія, па версіі гарадской улады, не былі ўзгодненыя паводле свайго фармата і месца правядзення. У прыватнасці, сам Вуек, які з’яўляецца старшынёй абласной арганізацыі АГП, быў пакараны штрафам памерам 25 базавых велічынь, а актывісты партыі Дыяна Касцюковіч (яна была кандыдатам у дэпутаты гарсавета) і Юрый Жыдовіч – па 10 базавых велічынь кожны. Абласны суд касацыйныя скаргі партыйцаў адхіліў, пакінуўшы без зменаў рашэнні суду першай інстанцыі. Наглядныя скаргі на імя старшыні Брэсцкага абласнога суду таксама не былі задаволены.
Сябры АГП не пагадзіліся з такімі высновамі, бо па-ранейшаму лічаць, што гэтае рашэнне парушае не толькі іх канстытуцыйныя правы, але і міжнародныя нормы, а менавіта – палажэнні Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
“Мы маем намер прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў Рэспубліцы Беларусь і пры неабходнасці звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН, - распавёў Уладзімір Вуек. - Мы нязгодныя з грэблівым стаўленнем нашай дзяржавы да правоў сваіх жа грамадзян, а тым больш падчас правядзення выбарчай кампаніі, калі выбіраюцца прадстаўнікі ўлады – дэпутаты мясцовых Саветаў. З такімі ўмовамі для правядзення агітацыйнай кампаніі ў нас ёсць вялікія сумневы, што згаданыя выбары ўвогуле былі сумленнымі і справядлівымі”.