Гродзенскі актывіст АГП падаў скаргу ў КПЧ ААН
22 ліпеня старшыня гродзенскай гарадской арганізацыі АГП Ежы Грыгенча накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Гродзенскі актывіст лічыць парушаным ягонае права на мірныя сходы. Падставай для звароту ў наднацыянальны орган абароны правоў чалавека стала рашэнне Ленінскага суда Гродна, які пад старшынствам суддзі Алены Пятровай аштрафаваў яго за актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве.
– Мы прайшлі ўжо ўсе патрэбныя інстанцыі. Як і чакалася, ніхто не адмяніў рашэнне Ленінскага раённага суда Гродна. Таму зараз у мяне надзея на КПЧ. Я хачу даказаць ўсім хто мяне караў, што праўда за мной, – распавядае Ежы Грыгенча. – Таксама мяне абурыў той факт, што пракуратура нават адказу не дала на мой ліст. Я звяртаў увагу на тое, што супрацоўнікі міліцыі, якія складалі на мяне пратакол, або ілгуць у судзе, або проста не выконваюць сваіх абавязкаў падчас акцыі. Бо калі мы нешта на акцыі парушалі, то яны мусілі нас пра гэта папярэдзіць. Гэта іх абавязак. Але там яны толькі паглядалі з боку, праверылі нашы дакументы і ні на што не звярнулі ўвагу, што пераконвала нас, што мы нічога не парушаем. А ў судзе яны пачалі казаць пра нібыта парушэнне. Ну а пракуратура заняла пазіцыю маўчання.
Нагадаем, што Ежы Грыгенча разам з чатырма іншымі ўдзельнікамі перадвыбарчага пікета былі асуджаныя ўдзел у нібыта несанкцыянаваным мерапрыемстве, якое праходзіла 7-га лютага бягучага года. На гэтым пікеце на гродзенскай вуліцы імя Ажэшкі збіраліся подпісы за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, а таксама збіраліся подпісы супраць увядзенне новай аўтапошліны.