Грамадскасць Магілёва выступае за выключэнне расійскіх тэлеканалаў з сеткі тэлевяшчання
Паводле прадстаўнікоў шэрагу грамадскіх арганізацый і прафсаюзаў горада, праз расійскія тэлеканалы ідзе распальванне нацыянальнай варажнічы. Пра гэта паведаміў адзін з ініцыятараў інфармацыйнай кампаніі "Грамадскі кантроль" Уладзімір Шанцаў, якая ўчора, 20 ліпеня, стартавала ў Магілёве.
- Замест таго, кааб, гледзячы расійскія каналы, глядзець інфармацыю пра Расію, мы бачым зусім іншае - мы глядзім інфармацыю пра Украіну. Прычым гэтая інфармацыя далёка не праўдзівая, скажае факты і з'яўляецца нічым іншым, як дзяржаўнай расійскай прапагандай, якая паклёпнічае на нашых суседзяў украінцаў, - кажа Уладзімір Шанцаў.
Грамадскі актывіст адзначае, што ўжо падрыхтаваны калектыўны зварот у дырэкцыю тэлевяшчання з падобнай прапановай, ён абмеркаваны актывістамі, і ў бліжэйшы час будзе накіраваны адрасату.
Трэба адзначыць, што ў інфармацыйнай кампаніі "Грамадскі кантроль" прымаюць удзел незалежныя прафсаюзы, а таксама шэраг дэмакратычных арганізацый горада.