Выдаўцу “Вольнага горада” вярнулі грошы, выплачаныя за судовыя выдаткі
Выдавец незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў 14 ліпеня атрымаў грашовы перавод на суму 940 тысяч рублёў ад КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280”. Такім чынам, нарэшце скончылася шматмесячнае судовае супрацьстаянне паміж газетай “Вольны горад” і адміністрацыяй прадпрыемства.
Нагадаем, што 4 чэрвеня 2014 года суддзя суда Крычаўскага раёна Антаніна Качанава пастанавіла адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 10 верасня 2013 года па наноў адкрытых акалічнасцях і вярнуць грошы ў памеры 945 000 рублёў выдаўцу газеты “Вольны горад” Уладзіміру Кудраўцаву.
Адміністрацыя Чэрыкаўскага ПМК-280 не стала абскарджваць рашэнне суда Крычаўскага раёна і вырашыла вярнуць грошы.
Нагадаем таксама, што 10 верасня 2013 года адбылося паседжанне суда Крычаўскага раёна, на якім тая ж суддзя суда Крычаўскага раёна Антаніна Качанава задаволіла пазоў КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” і пастанавіла спагнаць з журналістаў “Вольнага горада” грошы ў памеры 945 000 рублёў на карысць ПМК на пакрыццё судовых выдаткаў і аплату паслуг адваката. Суддзя Качанава задаволіла пазоў КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” на падставе рашэння суддзі суда Крычаўскага раёна Аляксандра Курыліна ад 17 чэрвеня 2013 года па пазову аб абароне дзелавой рэпутацыі з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” супраць незалежнай газеты “Вольны горад”. Тады суд прызнаў распаўсюджаныя ў газеце “Вольны горад” (№ 4 ад 3 лютага 2013 года) у артыкуле “Прыгонныя” звесткі адносна КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” не адпавядаючымі рэчаіснасці і абавязаў газету “Вольны горад” апублікаваць абвяржэнне. Пазней рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня было адмененае прэзідыўмам Магілёўскага абласнога суда.
Артыкул “Прыгонныя” быў напісаны пасля тэлефанавання ў рэдакцыю “Вольнага горада” жонкі працаўніка Чэрыкаўскай ПМК №280. Жанчына сцвярджала, што яе муж не можа атрымаць заробак ужо трэці месяц. Журналісты "Вольнага горада” параілі ёй звярнуцца па дапамогу ў Крычаўскую міжраённую інспекцыю па ахове працы.
Адміністрацыя ПМК № 280 убачыла ў артыкуле мэту “дыскрэдытаваць кіруючае звяно “Чэрыкаўскага ПМК-280” і раённую вертыкаль улады”.