Марына Лобава сустрэлася з сынам-палітвязнем
Марына Лобава сустрэлася з сынам-палітвязнем Эдуардам у час кароткатэрміновага спаткання ў Івацэвіцкай калоніі. Сустрэча адбывалася цягам дзвюх гадзін праз шкло і па тэлефоне. Эдуард на ўмовы ўтрымання не скардзіўся, так як і на адміністрацыю калоніі.
- Асаблівых навінаў у яго няма, усё як заўсёды. Выглядаў нармальна, настрой бадзёры. Са здароўем усё ў парадку, зараз лета, цёпла. Перадачу перадала яму на 30 кг. Спадзяюся, на першы час яму будзе прасцей. Там ёсць і гародніна, і садавіна. Трэба, каб яны былі ў рацыёне. З адміністрацыяй ніякіх зменаў – ні пагаршэння, ні паляпшэння – няма.
Па словах Марыны Лобавай, паказаць нядаўна атрыманы дыплом электра-газа-зваршчыка Эдуард не змог – дакументы пра атрыманне спецыяльнасці адразу забралі і выдадуць толькі пасля вызвалення. У маці палітвязня яшчэ застаецца кароткатэрміновая сустрэча і перадача ў лістападзе, а чарговая доўгатэрміновая – у снежні. Чакаецца, што Лобаў выйдзе на волю 18 снежня.