«Рок-салідарнасьць»: «Цэнзараў трэба высьмейваць»
Кампанія «Рок-салідарнасьць» абвесьціла конкурс творчых працаў, прысвечаны забароненым музыкам, паведамляе партал tuzin.fm.
Арганізатары кампаніі канстатуюць, што «нягледзячы на адносную адлігу, у Беларусі застаюцца забароненыя музыкі». Тут маюцца на ўвазе праблемы, зь якімі апошнім часам сутыкнуліся гурты Pet Nihil і Amaroka. «Мы заклікаем не паддавацца адчаю, а высьмейваць самадурства цэнзараў ад культуры праз народную карыкатурную творчасьць», – вядзецца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі. Фамат працы можа быць які заўгодна – малюнкі, карыкатуры, вершы, аповеды, песьні, альбо проста цікавая ідэя. Усе ўдзельнікі атрымаюць падарункі ад арганізатараў конкурса (дыскі, майкі, плакаты беларускіх гуртоў), а аўтары лепшых працаў – адмысловыя прызы ў выглядзе абанемэнты на канцэрт беларускіх гуртоў на працягу года.
Дасылаць свае працы можна на мэйл: rok.salidarnasc@gmail.com да канца жніўня.
«Рок-салідарнасьць» – грамадзкая кампанія ў падтрымку рок-музыкаў, якія трапілі ў «чорны спіс». Яна створаная 10 сьнежня 2011 году актывістамі грамадзкіх арганізацый і аматарамі айчыннай рок-музыкі. Актывісты кампаніі інфармуюць насельніцтва пра так званыя «чорныя спісы» і пра забароны канцэртаў, раздаюць дыскі беларускіх выканаўцаў, вядуць перапіску з чыноўнікамі, ладзяць выступы айчынных музыкаў і флэш-мобы.