У вясковым музеі распавядуць пра ахвяр палітычных рэпрэсій
У аграгарадку Вішоў Бялыніцкага раёна 12 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё музея гісторыі мясцовай гаспадаркі – СВК “Калгас “Радзіма”. Гэта першы і пакуль адзіны ў Беларусі музей, прысвечаны гісторыі сельгаспрадпрыемства. Музей гісторыі СВК “Калгас “Радзіма” размясціўся ў будынку школы і складаецца з пяці залаў, экспазіцыі якіх дэманструюць каля пяці тысяч экспанатаў.
У шэрагу іншых у музеі створана адмысловая экспазіцыя, у якой распавядаецца пра ахвяраў палітычных рэпрэсій з ліку жыхароў Вішоўскага сельсавета і працаўнікоў існаваўшых на яго тэрыторыі гаспадарак. На адмысловым стэндзе пералічаны прозвішчы ўраджэнцаў сельсавета, якія сталі ахвярамі рэпрэсій у 30-я гады мінулага стагоддзя, якія ўдалося высветліць.
Ініцыятарам стварэння музея гісторыі СВК “Калгас “Радзіма” быў шматгадовы старшыня праўлення кааператыва, спецыяліст у галіне сельскай гаспадаркі Аляксандр Лапацентаў.
СВК “Калгас “Радзіма” з’яўляецца адным з лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Магілёўскай вобласці.
Фота з газеты “Зара над Друццю” і mogilevnews.by