viasna on patreon

У Брэсце забаранілі серыю пікетаў за цэласнасць і незалежнасць Украіны

2014 2014-07-15T16:43:03+0300 2014-07-15T16:43:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vuek-uladzimir-brest.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек

Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек

Брэсцкія актывісты абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі атрымалі адмову ў правядзенні пяці пікетаў, асноўнай мэтай якіх была заяўлена актуалізацыя ў грамадстве каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы, выказванне салідарнасці з украінскім народам у яго памкненні захаваць цэласнасць і незалежнасць Украіны.

Прычынай для адмовы ў правядзенні пікетаў стала іх заяўка сябрамі партыі ў шматлюдных месцах горада - ля Брэсцкага цэнтральнага ўнівермага, кінатэатра "Беларусь" і гандлёвага цэнтра "Усход". Мясцовым законам гэтыя месцы не прадугледжаныя для правядзення масавых мерапрыемстваў. Прадстаўнікі ўлады спаслаліся на тое, што мерапрыемствы такога характару можна праводзіць толькі ў спецыяльна адведзеных месцах - у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне "Лакаматыў".

Адзін з заяўнікоў пікетаў Уладзімір Вуек адзначае, што заяўкі на мерапрыемствы былі пададзеныя ў адпаведнасці з артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкуламі 4 - 6 Закона РБ "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", таму ў дадзеным выпадку можна фіксаваць з боку ўладаў парушэнне не толькі канстытуцыйных правоў грамадзянаў, але і нормаў міжнароднага права.

- Улада яшчэ раз прадэманстравала нам сваё стаўленне да ўкраінскіх падзеяў, неабходнасці захавання суверэнітэту Беларусі і паказала сваё стаўленне да правоў грамадзянаў у цэлым, - падводзіць рысу Уладзімір Вуек.

Па словах актывіста АГП, дадзенае рашэнне мясцовых уладаў будзе абскарджана ў судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства