Салігорск: ТБМ працягвае барацьбу за выкананне закона "Аб геаграфічных назвах"
Салігорская гарадская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы” накіравала паўторны зварот у Дзяржаўны камітэт па маёмасці з патрабаваннем прывесці назвы шыльдаў на будынках сталіцы шахцёраў у адпаведнасць Закону “Аб назвах геаграфічных аб’ектаў”.
Аналагічны запыт сябры арганізацыі ў прыватным парадку накіроўвалі у згаданую вышэй дзяржаўную ўстанову яшчэ напрыканцы красавіка. Зрэшты, адказу на свой зварот яны дагэтуль не атрымалі.
- Справа ў тым, што нашыя сябры звярталіся ў Камітэт праз сістэму так званых электронных зваротаў на сайце гэтай дзяржаўнай установы. Адказу яны не атрымалі, а пацвердзіць факт звароту гэтая электронная сістэме не дазваляе, - кажа старшыня салігорскага ТБМ Мікалай Шаравар. - Таму цяпер мы даслалі афіцыйны ліст ад імя нашай гарадской арганізацыі звычайнай поштай з заказным уведамленнем. Калі і цяпер адказу не дачакаемся, дык будзем звяртацца ў пракуратуру.
Нагадаем, паводле дзеючага заканадаўства найменні геаграфічным аб'ектам у Беларусі прысвойваюцца на беларускай мове, а перадача іх на рускую мову магчымая толькі шляхам транслітарацыі. Існаванне адначасова двухмоўных назваў вуліц, кшталту салігорскіх Кастрычніцкай і “Октябрьской” ці Чыгуначнай і “Железнодорожной”, з’яўляецца незаконным і перашкаджае назвам унутрыгарадскіх аб’ектаў выконваць сваю непасрэдную функцыю адраснасці.