Візіт Алеся Бяляцкага ў Польшчу: упершыню пасля зняволення (фота)
“За тыя тры гады, якія я правёў у калоніі, мяне ўразіла тое, што ў Беларусі з'явілася шмат непалітычных, культурных, моўных грамадскіх ініцыятыў. Гэта даказвае, што грамадзянская супольнасць у нас развіваецца”, - сказаў на сустрэчы ў Варшаве Алесь Бяляцкі. Візіт у сталіцу Польшчы завяршае турнэ беларускага праваабаронцы па еўрапейскіх краінах.
Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" прыбыў у Варшашу па запрашэнні Хельсінскага фонду па правах чалавека і Фонду ім. Стэфана Баторыя. Візіт пачаўся ў сераду, 9 ліпеня, закрытай сустрэчай з прадстаўнікамі Хельсінкскага фонду па правах чалавека, падчас якой абмяркоўвалася сітуацыя праваабарончага сектара на Беларусі. “Гэта было вітанне сяброў з праваабарончай арганізацыі. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Савета Фонду, эксперты па праграмах. Акрамя праваабарончай тэматыкі, на сустрэчы закраналася пытанне сітуацыі Беларусі ў кантэксце Украіны і Расіі. Алесь таксама падзяліўся з намі чыста па-чалавечы аб тым, як выглядала яго жыццё ў калоніі”, - сказала Вольга Саламатава з Хельсінкскага фонду. Беларускі праваабаронца атрымаў на памяць фатаздымак, на якім супрацоўнікі Фонду трымаюць у руках плакаты, якія былі створаныя ў рамках адной з акцый у яго падтрымку. (Гэтыя плакаты на фатаздымку малявалі прадстаўнікі розных арганізацый з усяго СССР падчас саміту АБСЕ ў Варшаве тры гады таму).
Сітуацыя ўнутры Беларусі і залежнасць беларускай эканомікі ад расійскага ўплыву, а таксама ўкраінскі крызіс - гэтыя пытанні былі таксама падчас адкрытай сустрэчы Алеся Бяляцкага з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў і журналістамі ў Фондзе ім. Стэфана Баторыя ў чацвер. Сустрэчу вяла польская журналістка Марыя Пшэломец, аўтар аналітычнай праграмы "Studio Wschód" на Польскім грамадскім тэлебачанні, прысвечанай краінам былога СССР.
Вялікая ўвага была нададзена ўплыву ўкраінскага крызісу на беларускае грамадства і магчымасці паўтарэння сцэнарыя пратэстаў Еўрамайдана ў Беларусі. “Ніхто не хоча вайны ў Беларусі, я таксама гэта падтрымліваю. Я не гатовы да зменаў сітуацыі шляхам вайны. Можна паглядзець на сітуацыю ў арабскіх краінах. Перамены неабходныя, і складана прадбачыць, як далёка зойдзе сітуацыя на Украіне. Калі сітуацыя будзе паляпшацца, то гэта будзе добрым прыкладам і сігналам для беларускага грамадства. Важным стане тое, што адбудзецца на Украіне ў бліжэйшыя 5-7 гадоў”, - лічыць Алесь Бяляцкі. Гаворачы пра прычыны поўнай эканамічнай залежнасці Беларусі ад танных расійскіх энергарэсурсаў, Бяляцкі адзначыў, што ў будучыні як на Захадзе, так і ў Беларусі “пройдзе пераацэнка значэння Расіі”.
Што датычыцца вынікаў свайго турнэ па еўрапейскіх сталіцах, праваабаронца падкрэсліў: “Менавіта цяпер адбываюцца працэсы, якія вырашаць, якую пазіцыю зойме нашая краіна ў будучыні: кім мы будзем - шэрай зонай накшталт Абхазіі ці Праднястроўя ці нармальнай еўрапейскай краінай? Важна, каб ЕС не губляў Беларусь з поля зроку. Важна, каб Беларусь не была ізаляваная. Для нас асабліва важна супрацоўніцтва з Польшчай і Літвой, паколькі мы знаходзімся ў адным рэгіёне. Мая паездка ў Еўропу звязана з тым, каб вырашыць пытанне палітвязняў у Беларусі”, - падкрэсліў Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца, адказваючы на пытанне, што змянілася за тры гады ў Беларусі, падзяліўся меркаваннем, што яму кінулася ў вочы тое, што з'явілася грамадзянская супольнасць і велізарная колькасць ініцыятыў непалітычнага характару. Акрамя таго ён дадаў, што важнае значэнне мае развіццё інтэрнэту, бо гэта дае доступ да інфармацыі.
Прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый цікавіла тое, як змянілася грамадзянская супольнасць у Беларусі за апошнія гады, якога роду дапамога неабходная беларускім НДА з боку заходніх арганізацый.
“Незалежна ад таго, дзе знаходзіцца арганізацыя, калі яна рэальна працуе і рэалізуе праекты, гэта можа дапамагчы Беларусі”, - сказаў Бяляцкі. Ён падкрэсліў, што грамадзянская супольнасць у Беларусі развіваецца: “Гэта я мяркую па ўласным вопыце, дваццаць гадоў таму я ведаў асабіста ўсіх прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, затым толькі палову, а цяпер я ведаю толькі 5%. Гэта даказвае, што працэс развіваецца. Ёсць шмат культурныхз ініцыятыў з боку моладзі, якія праходзяць не толькі ў вялікіх гарадах”. Што тычыцца праектаў, якія можна рэалізоўваць на Беларусі, Бяляцкі сказаў: “Больш эфектыўна арганізаваць канцэрт на беларускай мове, бо гэта дапаможа лепш згуртаваць грамадства”.
На пытанне аб тым, чаму Лукашэнка (у чацвер споўнілася 20 гадоў яго праўлення) загаварыў па-беларуску, Бяляцкі адказаў: “Паглядзім, ці будзе гэта тэндэнцыяй або часовая з'ява. Для ўладаў мова - гэта не стратэгічная, а тактычная праблема. Грамадства павінна дамагацца правоў, гарантаваных канстытуцыяй, г.зн. большай прысутнасці беларускай мовы”.
Атмасферу поўнай залы разрадзілі пытанні пра адпачынак і аповяд пра сустрэчу ў калоніі з нунцыем. Гэта была адзіная, акрамя жонкі, сустрэча, Алеся Бяляцкага за ўвесь тэрмін знаходжання ў калоніі. А размаўлялі яны, у прысутнасці прадстаўніка пенітэнцыярнай установы, пра ... беларускую і італьянскую літаратуру.
У другой палове дня адбылася сустрэча з кіраўніком Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Яцэкам Міхалоўскім. Праваабаронцу суправаджала старшыня ХФПР Данута Пшывара і намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч.
"Сустрэча прайшла ў сяброўскай атмасферы. У самым пачатку размовы ад імя прэзідэнта былі выказаныя словы прабачэння з нагоды таго, што адной з падстаў прысуду Бяляцкага сталі дзеянні польскага боку. Мы гутарылі пра агульную сітуацыю ў Беларусі, на Украіне, пра тое, як медыя Расіі ўплываюць на грамадскую свядомасць беларусаў. Мы таксама казалі аб супрацоўніцтве польскіх НДА з беларускімі арганізацыямі”, - сказаў Валянцін Стэфановіч.
Значэнне інфармацыйнай прасторы ў Беларусі абмяркоўвалася таксама на сустрэчы ў Сейме Польшчы з дэпутатамі парламенцкай камісіі па знешніх пытаннях на чале з яго старшынёй Гжэгожам Схетынай.
Алесь Бяляцкі паўтарыў польскім парламентарыям раней сказанае ў Канцылярыі прэзідэнта Польшчы, што для беларусаў важная інфармацыя, якая паступае таксама з польскіх СМІ, якія вяшчаюць па-беларуску, як тэлеканал “Белсат”, “Еўрарадыё” і “Беларускае Радыё Рацыя”.
Пасля сустрэчы з дэпутатамі, Алесь Бяляцкі і польскі дэпутат Роберт Тышкевіч, які адказвае ў парламенцкай камісіі за супрацоўніцтва Польшчы і Беларусі, выступілі на брыфінгу для польскіх журналістаў, якія працуюць у Парламенце.
У чацвер раніцай падчас кароткага інтэрв'ю ў прамым эфіры для прыватнага тэлеканала Polsat News, Алесь Бяляцкі падзяліўся сваімі ўражаннямі з нагоды таго, як ён сябе адчувае ў Польшчы, у краіне, па віне чыноўнікаў якой ён трапіў у калонію. “Мяне пасадзілі ўсё ж такі беларускія ўлады, а яны могуць выкарыстоўваць усялякія метады для сваіх мэтаў”, - сказаў Бяляцкі і адзначыў, што ён думае пра Польшчу “як пра краіну, якая прайшла станоўчыя змены за апошнія 25 гадоў і стала раем для грамадства, якое хоча развівацца”.
Візіт Алеся Бяляцкага ў Польшчу завершыцца ў суботу.
Інфармацыйны офіс салідарнасці з Беларуссю «Беларусь у фокусе»