viasna on patreon

Бялыніцкі раён: афіцыйна АЧС няма, а свінні працягваюць гінуць

2014 2014-07-08T20:18:51+0300 2014-07-08T20:18:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svinni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Улады і ветэрынарныя спецыялісты Бялыніцкага раёна па-ранейшаму працягваюць сцвярджаць, што віруса афрыканскай чумы свінняў у Бялыніцкім раёне не выяўлена. Між тым у асабістых гаспадарках насельніцтва раёна з “невядомых”прычын працягваюць гінуць свінні, выпадкі падзяжу жывёлы маюць месца ўжо ў тых населеных пунктах, дзе яны не фіксаваліся раней.

Так, на мінулым тыдні ў вёсцы Прыхабы ў адной з мясцовых гаспадынь ад невядомай хваробы загінула дзве дарослыя свінні. Пасля гэтага да жанчыны завіталі ветэрынарныя спецыялісты, якія забілі і закапалі ўсё пагалоўе маючыхся ў асабістай падсобнай гаспадарцы свінняў (іх было больш за дзесятак), таксама была праведзена комплексная дэзінфекцыя ўсіх жывёлагадоўчых памяшканняў.

Згодна неафіцыйнай інфармацыі, атрыманай у прыватным парадку ад аднаго з ветэрынарных спецыялістаў, пасля лабараторных даслеванняў быцам бы быў пацверджаны дыягназ АЧС.

Афіцыйна ж ветэрынарныя спецыялісты Бялыніцкай райветстанцыі працягваюць сцвярджаць, што выпадкаў афрыканскай чумы свінняў у Бялыніцкім раёне не зафіксавана.

Абсалютная большасць жыхароў Бялыніцкага раёна упэўнены, што мясцовыя ўлады спецыяльна прыхоўваюць выпадкі захворанняў жывёлаў афрыканскай чумой свінняў, каб інфармацыя не набыла шырокі розгалас у краіне. Тым больш, што самі ветэрынарныя спецыялісты ў прыватным парадку настойліва раюць пазбаўляцца ад свінняў, пакуль яны не загінулі, бо ёсць вялікая рызыка захворвання жывёлаў на АЧС. Нягледзячы на спякотнае надвор’е, з-за адсутнасці дакладнай інфармацыі вяскоўцы працягваюць прыразаць свінняў, каб не страціць іх наогул.

Грамадскія актывісты Бялыніцкага раёна лічаць, што ўлады ў любым выпадку будуць спрабаваць прыхоўваць інфармацыю аб выпадках захворванняў свінняў на АЧС, бо існуе афіцыйная ўстаноўка на тое, што гэта хвароба ў нашай краіне ўжо пераадолена. Тым больш, што ўчора падчас наведвання Бялыніцкага раёна кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу перад чыноўнікамі ўжо ў першым квартале 2015 года як мінімум аднавіць той узровень вытворчасці свініны, які быў у краіне да ўспышкі АЧС у мінулым годзе.

У Бялыніцкім раёне ўсё пагалоўе свіней у гаспадарках і ў фермераў раёна было ліквідавана яшчэ ў мінулым годзе, зараз свінагадоўляй займаюцца толькі прыватнікі. Між тым на тэрыторыі суседніх з Бялыніцкім Шклоўскага, Магілёўскага і Бярэзінскага раёнаў дзейнічаюць буйныя свінагадоўчыя комплексы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства