Міліцыя не прызнае галадоўку актывіста і адмаўляецца вярнуць майку
Начальнік сталічнага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), падпалкоўнік міліцыі І. Сакалоўскі адмовіўся прызнаць 25-сутачную галадоўку актывіста з Гомеля Юрыя Рубцова, выставіўшы рахунак за харчаванне ў памеры 1,650 тысяч рублёў. Мужчына, які за час знаходжання на Акрэсціна не дакранаўся да ежы, звярнуўся са скаргаю ў суд Маскоўскага раёна Мінска.
"Заяўляю, што ў першы ж дзень у ІЧУ я падаў на імя начальніка заяву аб аб'яўленні галадоўкі, ежу я не прымаў да заканчэння тэрміну арышту, адпаведна, прад'яўленне мне да выплаты рахунку я расцэньваю як здзек з боку супрацоўнікаў міліцыі", - напісаў у суд гамяльчанін.
Акрамя таго, "чалавек-майка", як трапна яго ахрысцілі журналісты, праз суд патрабуе ад міліцыі вярнуць яму майку з надпісамі "Лукашэнка, сыходзь" і "Арыштуйце мяне. Я супраць Лукашэнкі!"
"26 красавіка я быў затрыманы ў Савецкім раёне Мінска супрацоўнікамі міліцыі, якія прымусова, супраць маёй волі, знялі футболку з надпісамі палітычнага характару, якая была канфіскаваная ў мяне без складання якіх - небудзь працэсуальных дакументаў".
Выконваючы дасудовы парадак урэгулявання сітуацыі, Юры Рубцоў звяртаўся са скаргай на імя начальніка сталічнай міліцыі. Там скаргу разглядаць не сталі, накіраваўшы яе ў ЦІП на Акрэсціна. Пра лёс канфіскаванай майкі тут наогул маўчаць.
"Вы былі забяспечаны харчаваннем, дастатковым для падтрымання здароўя і сіл па нормах, якiя вызначаюцца Урадам Беларусі", - суха адказаў гамяльчаніну начальнік сталічнага ЦІПа.
Нагадаем, Юры Рубцоў быў затрыманы 26 красавіка падчас "Чарнобыльскага шляху". 28 красавіка яго прывезлі ў суд без майкі, распранутага да пояса, дзе асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту.
Па паведамленнях Радыё "Свабода" на Акрэсьціна дзяжурны пацвярджаў галадоўку Рубцова падчас адбыцця ім адміністрацыйнага арышту.