viasna on patreon

Алесь Бяляцкі ў Еўрапарламенце: Мяне вызвалілі не проста так

2014 2014-07-02T22:21:18+0300 2014-07-07T13:08:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_press-conf-ep.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя Алеся Бяляцкага ў Еўрапарламенце © European Union 2014

Прэс-канферэнцыя Алеся Бяляцкага ў Еўрапарламенце © European Union 2014

2 ліпеня былы палітвязень, кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» сустрэўся ў Страсбургу з Марцінам Шульцам, які быў пераабраны на пасаду прэзідэнта Еўрапейскага парламенту, з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле, Генеральным сакратаром СаветаЕўропы Турб'ёрнам Ягландам і старшынёй Парламенцкай асамблеі СаветаЕўропы Ан Брасэр.

 

У Еўрапарламенце адбылася прэс-канфэрэнцыя беларускага праваабаронцы.

Сайт Радыё Свабода цытуе з выступу Алеся Бяляцкага:

“Ёсць прынцыповыя патрабаванні СаветаЕўропы, яны важныя і для нас. Яны тычацца скасавання смяротнага пакарання ці мараторыя на яго. Таксама размова ідзе пра вызваленне палітвязняў і правядзенне сумленных выбараў. На гэтыя патрабаванні, на мой погляд, улады Беларусі сёння пайсці не могуць. Але, размаўляючы з уладамі Беларусі, трэба разумець, што мяне вызвалілі не проста так. Значыць, ёсць нейкая зацікаўленасць уладаў Беларусі, каб палепшыць свае стасункі з ЕС. Гэта звязана ў тым ліку і з геапалітычным становішчам у нашым рэгіёне. Эканамічны саюз, які Беларусь заключыла з Расіяй і Казахстанам, занадта наблізіў Беларусь да Расіі і прэзідэнт Лукашэнка хоча мець прастору для манеўру. Тым больш, што падзеі ва Украіне насцярожылі ўлады Беларусі адносна іх усходняга суседа. І гэтае жаданне, ці неабходнасць, паляпшэння стасункаў з ЕС, неабходнасць «вырасціць другое крыло», прымушае прэзідэнта Лукашэнку ісці на нейкія саступкі.

Але наколькі далёка ён пойдзе ў гэтых саступках – цяжка сказаць. Такія перыяды мы ўжо перажывалі. Гэта было ў 2008-2010 гадах. Але потым яны рэзка скончыліся. Зараз трэба мець цвярозую галаву і не ўпадаць у эйфарыю, што вызваленне Бяляцкага з’яўляецца значным пазітыўным крокам. Палітвязні застаюцца ў турме, рэпрэсіўная машына працуе, абмежаванні палітычных, грамадзянскіх, сацыяльных правоў застаюцца. Трэба адсочваць сітуацыю ў Беларусі і прымаць рашэнні пра кантакты на вышэйшым узроўні з Беларуссю, сыходзячы з канкрэтных крокаў па комплексным паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

«Азербайджанізацыя» сітуацыі ў Беларусі – напэўна было б зусім не тое, чаго б мы хацелі. Мы лічым, што тая эканамічная дапамога, якую вельмі прагне атрымаць рэжым Лукашэнкі, павінна быць шчыльна звязаная з дапамогай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Гэтыя рэчы павінны быць намёртва звязаныя. Інакш мы атрымаем сітуацыю гандлю з аўтарытарным рэжымам, калі паляпшэнне эканамічнай сітуацыі не паляпшае палітычнае і грамадзянскае становішча ў краіне, а рэжым за кошт гэтага гандлю ўмацоўвае сябе, свае інструменты падаўлення свабодаў у грамадстве”.

Прэс-канферэнцыя Алеся Бяляцкага ў Еўрапарламенце © European Union 2014
Еўрадэпутат Анджэй Гжыб і Алесь Бяляцкі на прэс-канферэнцыі ў Еўрапарламенце © European Union 2014
Прэс-канферэнцыя Алеся Бяляцкага ў Еўрапарламенце © European Union 2014

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства