viasna on patreon

Freedom House: горш, чым у Беларусі, толькі ў Туркмэністане і Ўзбэкістане

2014 2014-06-12T10:12:36+0300 2014-06-12T10:12:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/freedom.jpg

Абнародаваная справаздача «Транзытныя нацыі – 2014» міжнароднай дасьледнай арганізацыі Freedom House.

Яна ўтрымлівае аналіз стану дэмакратыі і правоў чалавека ў 29 краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і Эўразіі.
У дакладзе падкрэсьліваецца ключавая роля Расеі ў зьніжэньні ўзроўню дэмакратыі сярод краінаў постсавецкай сфэры. Паводле дасьледаваньня Расея адыгрывае ролю ўзору для іншых краін рэгіёну.
Freedom House адзначае няўдачы ў дэмакратычным кіраваньні ня толькі ў краінах Эўразіі і на Балканах, але і ў посткамуністычнай Цэнтральнай Эўропе, дзе захаваньне карупцыі было заўважным у мінулым годзе.
Freedom House вылучае 7 парамэтраў, сярод якіх – стан грамадзянскай супольнасьці, выбарчага працэсу, мэдыяў, узровень карупцыі і іншыя. Ацэнка робіцца па 7-бальнай шкале, 1 бал азначае найлепшае становішча, 7 – найгоршае.
Становішча ў Беларусі паводле дакладаў Freedom House застаецца стабільна кепскім 2 апошнія гады.
Для параўнаньня – індэкс дэмакратыі ў краінах рэгіёну складае ў 2014 паводле Freedom House 6.61 у Казахстана, 6.29 у Расеі, 4.93 ва Ўкраіне, 2.36 у Літве, 2.07 у Латвіі, 2.18 у Польшчы.
Беларусь, разам з Расеяй, Таджыкістанам, Казахстанам, Азэрбайджанам, Туркмэністанам і Ўзбэкістанам трапіла ў групу кансалідаваных аўтарытарных рэжымаў. Паводле Freedom House, горшая, чым у Беларусі, сытуацыя толькі ў Туркмэністане і Ўзбэкістане.
Паводле справаздачы, сярэдняя ацэнка дэмакратыі ў рэгіёне зьнізілася ў параўнаньні з папярэднім годам, адмоўны ўплыў Расеі выразіўся ў прыняцьці ў шэрагу краінаў Эўразіі законаў на ўзор расейскіх, якія абмяжоўваюць «прапаганду гомасэксуалізму» і замежнае фінансаваньне грамадзкіх арганізацый. Адзначаецца рост карупцыі ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, што прывяло да паніжэньня ацэнак дэмакратыі ў 5 з 10 краінаў Эўразьвязу, якія былі аб'ектамі дасьледаваньня.
Паводле дасьледнікаў Аляксандар Лукашэнка ў 2013 годзе не сутыкнуўся ні зь якімі сур'ёзнымі выклікамі сваёй уладзе, грамадзянская актыўнасьць застаецца на нізкім узроўні пасьля жорсткага задушэньня пратэстаў пасьля выбараў 2010 году.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства