Беларускія праваабаронцы азнаёміліся са швецкай сістэмай абароны правоў чалавека
У пачатку чэрвеня сябры Праваабарончага цэнтра “Вясна” Віктар Сазонаў з Гродна, Алесь Капуцкі з Маладзечна, Тамара Шчапёткіна з Бярозы і Святлана Лапіцкая з Жодзіна наведалі Стакгольм, каб азнаёміцца са швецкай сістэмай абароны правоў чалавека і працай швецкіх калег.
-- Швецыя пабудавала для сваіх грамадзян сапраўдны сацыялізм, у аснове якога прынцыпы справядлівасці і сумленнасці, павага да правоў чалавека, - адзначае Віктар Сазонаў. – Тое, што мы бачылі ў Швецыі, - незалежныя суды, незалежная пракуратура, інстытуты амбудсменаў для кантролю над усімі дзяржаўнымі органамі і наладжаны быт, дзе ўсё прадумана і ўсё адбываецца ў інтарэсах чалавека - гэта ўсё прадукт не толькі фізічнай цяжкай працы многіх пакаленняў, але ў першую чаргу гэта прадукт той справядлівасці той сістэмы, якую змаглі выбудаваць людзі.
Вялікую цікавасць выклікала сустрэча з кіраўніком Міжнароднага аддзела Парламенцкага амбудсмена (ПА) Марыанн фон дэр Эш, якая распавяла пра працу па наглядзе за тым, каб дзяржаўныя ведамствы і суды прытрымліваліся нарматыўных дакументаў і былі аб’ектыўнымі і бесстароннімі, а таксама, каб іх дзейнасць не парушала асноўныя правы і свабоды грамадзян. Наведалі праваабаронцы і офіс амбудсмэна па супрацьдзеянні дыскрымінацыі. У выніку гэтых сустрэч яны азначылі, што гэты добры вопыт, які можа быць скарыстаны ў справе абароны правоў чалавека ў будучай дэмакратычнай Беларусі.
Сустрэчы і візіт прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” былі арганізаваны шведскай праваабарончай арганізацыяй Ostngruppen.