viasna on patreon

Спартоўцаў з магілёўскага валейбольнага клубу “Тэхнапрыбор” хочуць пакінуць без заробкаў і грашовых выплат

2014 2014-06-11T15:57:19+0300 2014-06-11T15:57:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valejbol.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Існуе верагоднасць таго, што ў бліжэйшы час пачнецца ліквідацыя клуба і яго прызнаюць банкрутам. Такім чынам, ніхто са спартоўцаў не атрымае ні капейкі.

Перад гэтым дублёрскі склад валейбольнай каманды “Тэхнапрыбор” у судзе замірыўся з дырэкцыяй клуба. Там жа былі вызначаны памеры грашовых выплат па заробках за восем месяцаў.

Пазней каманда на чале з трэнерам падала пазоў, каб спагнаць заробкі яшчэ за тры месяцы, аднак дырэкцыя клуба пачала хітраваць, і ў судзе высветлілася, што ўвесь склад дублюючай камадны звольнілі за прагулы заднім чыслом яшчэ ў сакавіку месяцы.

Тады трэнер Уладзімір Маштапа і адзін з гульцоў каманды Антон Бандарэнка пайшлі іншым шляхом і падалі заяву ў суд аб адмене незаконнага загада аб звальненні і скасаванні працоўных кантрактаў па артыкулу 41 Працоўнага кодэкса з выплатай трох сярэднямесячных заробкаў і двухтыднёвай грашовай дапамогі, а таксама кампенсаціі маральнай шкоды.

Суд пастанавіў выплаціць дырэкцыі валейбольнага клуба трэнеру і гульцу амаль 60 мільёнаў рублёў, аднак не задаволіў кампенсацыю маральнай шкоды.

Бараніць ім правы ў судзе дапамагала юрыстка незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Алена Барысава.

“З камандай паступілі не самым лепшым чынам. Іх без усялякіх папярэджанняў у сярэдзіне ігравога сезона адхілілі ад выступу ў чэмпіянаце, аднак нікога не звольнілі. Валейбалісты пад кіраўніцтвам трэнера працягнулі свае трэніроўкі на вуліцы пасля таго, як іх пазбавілі яшчэ і спартовай залы. У судзе нават ніхто не запытаў, дзе яны трэніраваліся, а паказанні сведкаў не былі ўзяты да ўвагі. Спартоўцам без іх ведама былі істотна зніжаны заробкі, што і стала падставай для звальнення двух чалавек па артыкулу 41 Працоўнага кодэкса. Яны, канешне, задаволены такім вынікам, аднак зараз пачаўся працэс ліквідацыі гарадскога валейбольнага клуба, і ёсць небяспека таго, што яго прызнаюць банкрутам, а ўсе пазыкі спішуць, а спартоўцы не атрымаюць ні капейкі”, - кажа Алена Барысава.

Трэба адзначыць, што і ў асноўным складзе валейбольнай каманды не ўсё ідзе добра. Спартоўцам асноўнага складу таксама істотна ўрэзалі заробкі, аднак яны пакуль не спяшаюцца бараніць свае правы праз суд.

Адзначым, што заснавальнікамі валейбольнага клубу “Тэхнапрыбор” з’яўляюцца 10 арганізацый горада, сярод якіх магілёўскія гарвыканкам і аблвыканкам. Адказным за развіццё валейбола ў вобласці з’яўляецца намеснік старшыні аблвыканкама Аляксей Якаўлеў, які неаднаразова абяцаў вырашыць існуючыя праблемы клуба, аднак дагэтуль не здолеў разабрацца з сітуацыяй і паўплываць на своечасовую выплату заробкаў.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства