Працэс над журналістам Андрэем Мялешкам расцягваецца
11 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна прайшло чарговае паседжанне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да журналіста-фрылансера Андрэя Мялешкі, якога вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі. У гэты дзень прайшло паўгадзіннае апытанне двух сведак, пасля чаго суддзя Дзмітрый Кедаль абвесціў чарговы перапынак. Працэс працягнецца 16-га чэрвеня, у панядзелак, а 14-й гадзіне.
Першым быў апытаны як сведка прадстаўнік міліцыі – начальнік аддзелу прафілактыкі Кастрычніцкага РАУС Гродна Андрэй Ганчароў. Ён паведаміў, што яго аддзел ажыццяўляе прагляд інтэрнэт-сайтаў, аднак не змог адказаць на пытанні адвакаткі і самога Мялешкі, на падставе чаго матэрыял, размешчаны ў красавіку на сайце Беларускага Радыё Рацы і падпісаны псеўданімам Ігар Мікалаеў, быў палічаны як аўтарства Мялешкі.
Адвакатка Мялешкі Кацярына Пятровіч яшчэ раз падкрэсліла, што журналіст не падлягае пакаранню ў судзе паводле артыкула за выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, паколькі адказнасць паводле закону паводле артыкула КаАП 22.9 частка 2 мусяць несці толькі юрыдычныя асобы і ўстановы. Пасля гэтага суддзя Дзмітрый Кедаль нечакана заявіў, што паколькі ў суд за тыдзень не паступілі матэрыялы з пракуратуры наконт ранейшага папярэджання Мялешку за працу без акрэдытацыі, працэс зноў пераносіцца.