Журналіста Максіма Хлябца папярэдзілі за супрацу з замежнымі СМІ
Незалежнага журналіста Максіма Хлябца папярэдзілі за супрацу з замежнымі CМІ без акрэдытацыі. У Берасцейскай абласной пракуратуры яму паведамілі, што падставай для папярэджання сталі два артыкулы, якія з’явіліся на сайце беларускага радыё “Рацыя”.
- Я зайшоў літаральна на 10 хвілін. Пракурор Бахарава ўручыла мне афіцыйнае папярэджанне за два артыкулы, размешчаныя на Беларускім Радыё Рацыя. Гэта артыкулы: “У Горадзе над Бугам будуць гукаць вясну” і “У Берасці адзначылі сусветны Дзень паэзіі”, якія з’явіліся яшчэ ў сакавіку мінулага года. Я падпісаўся пад папярэджаннем за супрацу на незалежныя СМІ без акрэдытацыі.
Максім Хлябец пасля кансультацыяў з праваабаронцамі вырашыць, ці будзе абскарджваць гэтае папярэджанне, ці не, паведамляе Радыё “Рацыя”.
У красавіку гэтага года незалежнага журналіста Максіма Хлябца дапытвалі ў міліцыі ў якасці сведкі па адміністратыўнай справе. Аднак размова падчас допыту тычылася зусім не справы, а прафесійнай дзейнасці карэспандэнта. Напрыканцы размовы супрацоўнікі міліцыі прапанавалі журналісту супрацоўнічаць з імі – дзяліцца патрэбнай ім інфармацыяй. Ён не пагадзіўся.