Бабруйск: маёр міліцыі практыкуе “размовы без пратаколаў”
Журналістка з Бабруйска Марына Малчанава расказала, як прайшла яе сустрэча з маёрам міліцыі Сяргеем Рудзько 9 чэрвеня.
-Дагэтуль Рудзько некалькі разоў запрашаў мяне на сустрэчу па тэлефоне "проста паразмаўляць", але я адмаўлялася ісці без позвы, - распавядае журналістка. - І вось я атрымала позву, дзе было пазначана, што мне трэба з'явіцца ў УУС "для правядзення размовы". Размова прайшла без пратаколаў і нейкіх запісаў, яе сутнасць была для мяне вельмі цмянай. Маёр паказаў фотаздымкі з нейкай акцыі, якую я бачыла ўпершыню, прасіў назваць імёны людзей, якія ў ёй удзельнічалі - іх я таксама не ведаю.
Марына Малчанава кажа, што Сяргей Рудзько не хацеў верыць у тое, што яна не з'яўляецца аўтарам вышэйзгаданых фотаздымкаў. А пасля пачаў выпытваць, дзе яна працуе, якім імем падпісвае свае матэрыялы і гэтак далей.
-Пасля гадзіны маральных пакутаў у кабінеце Рудзько я сказала, што калі гэта проста "размова", якая не прывязана ні да якіх артыкулаў і заведзеных спраў, я магу спакойна сысці. На што міліцыянт з незадаволенасцю адказаў: "Ну глядзіце, зямля круглая, можа калі і вам спатрэбілася б мая дапамога". Я зноў нагадала, што ён мае права задаваць мне падобныя пытанні толькі пры ўмове заведзенай справы, і тады ён сказаў, што нешта прыдумае, каб вырашыць гэту праблему. Агулам у мяне склалася ўражанне, што ён хоча зрабіць з мяне ўласнага інфарматара, - адзначыла журналістка.
Марына Малчанава кажа, што будзе падаваць скаргу на дзеянні Сяргея Рудзько ў пракуратуру. Яна спадзяецца, што атрымае зразумелы афіцыйны адказ на тое, ці мае права гэты міліцыянт на падобныя запрашэнні па тэлефоне і "размовы".
Нагадаем, у красавіку маёр Рудзько ўжо спрабаваў прыцягнуць незалежную журналістку да адказнасці, пасля яе матэрыяла на тэму антываеннага пікета. Тады яна таксама падавала скаргу на дзеянні гэтага міліцыянта ў пракуратуру, але па сутнасці скаргі ў афіцыйнай паперы ёй так і не адказалі.