viasna on patreon

Магіляўчанка з двума непаўнагадовымі дзецьмі не будзе выселена з інтэрнату

2014 2014-06-10T14:29:03+0300 2014-06-10T14:29:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 10 чэрвеня, суд Ленінскага раёна Магілёва ў асобе суддзі Лапацінай не задаволіў пазоў аб высяленні магіляўчанкі Ірыны Ільінскай з двума непаўнагадовымі дзецьмі з інтэрнату Будаўнічага трэста №12 без прадастаўлення іншага месца жыхарства.

У суд пазоўнік не з’явіўся, і па хадайніцтву Ірыны Ільінскай суддзя прыняла рашэнне не задаволіць пазоў на высяленне.

Юрыст незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Алена Барысава, якая дапамагала маці-адзіночцы бараніць свае правы, лічыць, што прадстаўнік будтрэста наўмысна не з’явіўся ў суд.

-       Было шмат інфармацыі ў прэсе пра гэты выпадак, што жанчыну, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, хочуць выселіць на вуліцу з двума непаўнагадовымі дзецьмі. Было напісана шмат скаргаў у розныя дзяржаўныя інстанцыі і, магчыма, гэта магло паўплываць на адміністрацыю трэста.

Алена Барысава адзначае, што ў суддзе стала вядома аб тым, што ў камісію па справах непаўнагадовых паступалі ананімныя лісты з нагоды таго, што нібыта Ірына Ільінская вядзе асацыяльны лад жыцця – здымае хлопчыкаў праз інтэрнэт, злоўжывае спіртным, а таксама не глядзіць за дзецьмі. Камендант збірала подпісы жыльцоў у пацверджанне гэтага. Аднак потым высветлілася, што падпісваць камендант прымушала жыхароў пад пагрозай высялення, а інфармацыя аб асацыяльным ладзе жыцця была пераправерана і не пацвердзілася.

Нагадаем, што Ірына Ільінская пражыла 14 гадоў у інтэрнаце Будаўнічага трэста №12. Раней жанчына мела дамову на бестэрміновае пражыванне, аднак у 2011 адміністрацыя трэста прапанавала перазаключыць дамову пражывання на год, адзначыўшы пры гэтым, што для яе не будзе ніякіх прававых наступстваў.

Як толькі скончыўся тэрмін на пражыванне ў інтэрнаце, а таксама ўступіла у законную сілу новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, адміністрацыя трэста пачала высяляць жанчыну з пакою, які яна займала са сваімі дзецьмі. Ленінскі раённы суд Магілёва ў асобе суддзі Юліі Трапынінай задаволіў пазоў трэста аб высляненні жанчыны з дзецьмі з інтэрнату. Магілёўскі абласны суд адмяніў гэтае рашэнне з-за таго, што рашэнне раённага суда было неабгрунтаваным і накіраваў справу на новы разгляд у раённы суд новаму складу суду.

Трэба адзначыць, што ў будаўнічага трэста ёсць 10 дзён на тое, каб абскардзіць рашэнне Ленінскага раённага суду аб незадавальненні накіраванага імі ў суд пазова. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства