У Беларусі ствараецца новая праваабарончая арганізацыя «Пакт»
«Пакт» аб’ядноўвае беларускіх грамадзянаў, у адказ на чые звароты Камітэт ААН па правах чалавека прыняў ці будзе прымаць рашэньні.
На першым сходзе старшынём арганізацыі абраны прафэсар, доктар юрыдычных навук Міхал Пастухоў.
У інтэрвію Радыё Свабода Пастухоў працытаваў дасьледаваньне праваабаронцы Рамана Кісьляка, згодна зь якім ад 1997 году ў Камітэце па правах чалавека зарэгістравана 162 звароты зь Беларусі.
Паводле колькасьці зваротаў у Камітэт па правах чалавека Беларусь уваходзіць у тройку лідэраў.
Сам Пастухоў — аўтар другой па ліку скаргі зь Беларусі. Колішні сябра Канстытуцыйнага суду намагаўся, каб загад пра звальненьне яго з гэтай пасады ў 1997-м прызналі незаконным.
«Улады не выконваюць палажэньні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія носяць абавязковы характар для краіны», — канстатуе Міхал Пастухоў.
Удзельнікі канфэрэнцыі заклікалі ўлады Беларусі выканаць рашэньні Камітэту ААН, прыняць закон, які замацаваў бы парадак выкананьня такіх рашэньняў, а таксама ўтварыць у Беларусі інстытут Упаўнаважанага па правах чалавека.