Справа супраць ксяндза Лазара спыненая за недаказанасцю
Як стала вядома сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Паўлу Севярынцу, крымінальная справа супраць ксяндза Уладзіслава Лазара спыненая за недаказанасцю.
"Хто адкажа за тое, што невінаватага святара брутальна затрымалі, шэсць месяцаў ўтрымлівалі ў следчым ізалятары без паведамленняў для родных і блізкіх, здзекваліся з яго і бэсцілі ягонае добрае імя? Так званая "крымінальная справа" развалілася, так і не дайшла да суда - і ніякіх публічных тлумачэнняў і прабачэнняў з боку спецслужбаў мы не пачулі. Відавочна, што "справа Лазара" была спробай запалохаць Касцёл і ўвогуле хрысціянскую супольнасць Беларусі", - адзначыў Павал Севярынец.
Нагадаем, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве Уладзіслаў Лазар быў таемна затрыманы 31 ці 1 чэрвеня 2013 года і змешчаны ў СІЗА КДБ па абвінавачванні ў аказаньні грашовай дапамогі чалавеку, якога падазравалі ў шпіянажы супроць Беларусі. Вызвалены ён быў толькі праз паўгады.