viasna on patreon

Гомельскі карэспандэнт палохае чытачоў жахамі пра «Новаросію» і вінаваціць беларускіх праваабаронцаў у маўчанні

2014 2014-06-05T21:23:57+0300 2014-06-05T21:23:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gomel-savecki-raen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Карэспандэнт гомельскай газеты «Савецкі раён» Аляксандр Яўсеенка рэгулярна асвятляе ў сваім выданні ўкраінскія падзеі апошніх шасці месяцаў. Тэзісы яго допісаў можна сфармуляваць коратка: «Ва ўсім вінавата Амерыка, ва Украіне галаву падымае звычайны фашызм, вакол бандэраўцы, Расія як можа дапамагае бедным украінцам».

Пішучы пра падзеі ў Данецкай вобласці, аўтар сцвярджае, што «калі баявыя дзеянні пераносяцца з гор і лясоў у населеныя пункты, галоўнымі мэтамі стрэлаў робяцца не ўзброены праціўнік, не яго вайсковыя і стратэгічныя аб'екты, а жылыя дамы мірных жыхароў, якое складаецца са старых, жанчын і дзяцей».

Карэспандэнт піша, што грамадскія і дзяржаўныя дзеячы некаторых краін, у тым ліку Расіі, загаварылі пра гуманітарныя калідоры, эвакуацыю мірных жыхароў, дзяцей.

«І вось ужо першыя некалькі сотняў дзяцей з ахопленай агнём Новаросіі прыбылі ў Крым. Прыбылі з вялікімі цяжкасцямі і рызыкай для жыцця», - упэўнены Аляксандр Яўсеенка, які, напэўна, суправаджаў дзяцей у дарозе?

Па яго словах, некаторыя аўтобусы з дзецьмі байцы Нацгвардыі трымалі па пяць гадзін на блок-пастах, а частку аўтобусаў – развярнулі, не дазволілі дзецям эвакуацыю з зоны канфлікту.

Піша аўтар матэрыялу, што расійскія праваабаронцы доўгі час высвятлялі лёс «некалькіх дзясяткаў дзетдомаўцаў», якія пераходзілі нейкую мяжу пехатой.

«Артылерыйскія і авіяцыйныя абстрэлы жылых кварталаў, школ, шпіталяў, дзіцячых садкоў даўно ўжо сталі ў Данецку, Краматорску, Славянску, а цяпер ужо і ў Луганску штодзённай практыкай вядзення баявых дзеянняў урадавымі войскамі», - упэўнівае чытачоў карэспандэнт.

І тут жа пачынае папікаць праваабаронцаў, узгадваючы, напэўна, Алеся Бяляцкага.

«Тыя (праваабаронцы – РЭД.), якія некалькі гадоў таму крычалі на ўвесь свет аб грубых парушэннях правоў чалавека, калі ўлады вырашылі прызваць да адказу хай не самага шараговага, але звычайнага неплацельшчыка падаткаў? Чаму сёння яны маўчаць аб парушэнні ва Украіне правоў чалавека, і галоўнага права – на жыццё? Можна толькі здагадвацца пра прычыны такога маўчання ягнят», - выкрыў «праваабарончую змову» аўтар матэрыялу.

Цікава, што такія «факты», якія падае ў матэрыяле карэспандэнт, наўрад ці хто можа пацвердзіць. Як і тое, што ў свеце існуе краіна з назвай «Новаросія». Недзяржаўнае выданне даўно б ужо было прыцягнута да адказнасці за публікацыю непраўдзівых звестак. Дзяржаўныя ж маюць права пісаць, не спасылаючыся на крыніцы інфармацыі, вартыя даверу, і не прытрымлівацца такіх крытэрыяў, як аб'ектыўнасць і ўсебаковасць.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства