viasna on patreon

Разгляд скаргі Генадзя Лойкі перанесены Менгарсудом на нявызначаны тэрмін, шукаюць перакладчыка

2014 2014-06-05T15:16:22+0300 2014-06-06T10:34:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/loika2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генадзь Лойка.

Генадзь Лойка.

Разгляд касацыйных скаргаў на рашэнні суда Цэнтральнага раёна Менска па скарзе Генадзя Лойкі на дзеянні "Белінвестбанка" і КДБ, перанесены калегіяй па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда на нявызначаны тэрмін. Генадзь Лойка праз суд адстойвае сваё права карыстацца роднай мовай пры заключэнні дамоваў і запаўнення іншых банкаўскіх дакументаў на беларускай мове.

Сёння Лойка заявіў, што нічога не разумее з таго, што прамаўляецца ў судзе, і запатрабаваў перакладчыка. Судовая калегія была вымушаная перанесці разгляд скаргаў і пагадзілася забяспечыць Лойку перакладчыкам за кошт суда.

Як паведаміў намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, пад час разгляду скаргаў стала вядома, што касацыйны пратэст пракурора Цэнтральнага раёна Менска на рашэнне суддзі суду Цэнтральнага раёна Алены Сямак, якая 11 красавіка адхіліла пазоў Лойкі супраць “Белінвестбанка”, быў адкліканы пракуратурай. Патрэбна зазначыць, што пракуратуры нярэдка адклікаюць пратэсты з судоў, калі справа набывае грамадскае гучанне.

Нагадаем, 11 красавіка суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Алена Сямак адхіліла пазоў беларускамоўнага мастака і грамадзянскага актывіста Генадзя Лойкі супраць “Белінвестбанка”, праігнараваўшы аргументы заяўніка і прадстаўніка грамадскасці Валянціна Стэфановіча аб дыскрымінацыйным падыходзе банка да беларускай мовы.  Сутнасць пазову Генадзя Лойкі была ў тым, што з 2012 году ён дамагаецца ад кіраўніцтва «Белінвестбанка» магчымасці абслугоўвацца па-беларуску. Банк адмаўляе яму ў гэтым, спасылаючыся на «тэхнічныя прычыны», а кіраўніцтва банка лічыць «немэтазгоднай» замену тэхнічнага забеспячэння з прычыны высокай затратнасці.

Прадстаўнік банка гэтыя прэтэнзіі ў судзе не прызнаў. Суд адмовіў у задавальненні скаргі, спаслаўшыся на тую акалічнасць, што ў адпаведнасці з арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі мовамі у краіне з’яўляюцца беларуская і руская мова.

У касацыйнай скарзе Лойка настойвае, што “Белінвестбанк” дыскрымінуе яго па моўнай прыкмеце, адмаўляючыся скласці дамову на дзяржаўнай беларускай мове. Да таго ж, просіць прыцягнуць да адказнасці суддзю, якая разглядала ягоную справу, за тое, што яна адмовілася весці працэс па-беларуску і прадаставіць Лойку перакладчыка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства