Брэст: студэнты заклікаюць улады рабіць крокі насустрач Балонскаму працэсу
Пад адпаведным зваротам у Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сабрана ўжо больш за паўтысячы подпісаў. Збор подпісаў ініцыяваны агенцтвам рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” пры дапамозе студэнтаў, валанцёраў і неабыякавых маладых людзей.
Акцыя ажыццяўляецца ў межах кампаніі “О, Балонь!” і, як адзначыў адзін з актывістаў Уладзімір Красько, набывае актуальнасць, бо ў 2015 годзе ў сакратарыяце Балонскага камітэта будзе новы разгляд заяўкі Беларусі, каб далучыцца да гэтага працэсу. “Два гады таму гэта спроба для беларускіх уладаў была няўдалая, бо ў Балонскага камітэта былі заўвагі наконт таго, што ў нашай краіне не выконваюцца ўніверсітэцкія свабоды”, - нагадаў Красько.
Менавіта таму ў цяперашнім звароце, пад якім ахвотна пакідаюць свае подпісы брэсцкія студэнты, утрымліваецца патрабаванне да чыноўнікаў, каб рэктар універсітэту абіраўся навуковым Саветам навучальнай установы і каб тыя, хто вучыцца ў ВНУ, мелі магчымасць сапраўднага студэнцкага самакіравання.