Ці здымуць прэвэнтыўны нагляд са Зьмітра Дашкевіча?
5 чэрвеня ў Першамайскім судзе Менску адбудзецца працэс, на якім вырашыцца лёс прэвэнтыўнага нагляду над былым палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам.
Пра суд Зьміцер Дашкевіч даведаўся 4 чэрвеня ад міліцыянта зь Першамайскага РУУС.
«Пазваніў супрацоўнік інспэкцыі па наглядзе і сказаў, што суд заўтра. Сказаў таксама, што нібыта яны падрыхтавалі дакумэнты на адмену нагляду, але гэта для мяне неяк нечакана. Бо раней, пасьля апошняй адседкі на Акрэсьціна, мяне папярэджвалі, што будуць працягваць нагляд. Зараз кажуць, што зьбіраюцца адмяніць,
Пэўна прадказаць не бяруся, бо з гэтым наглядам ня так, як з прысудам — што калі скончыўся тэрмін, дык ты вольны і выходзь з турмы. Тут усё зноў вырашае суд: пакінуць ці зьняць. Тут увогуле дзіўная сытуацыя склалася: з 28 траўня юрыдычна я нібыта і не пад наглядам, бо тэрмін нагляду скончыўся.
Але 29-га ўжо прыходзілі дамоў міліцыянты з праверкай; „Дзе тут Дашкевіч?“ Жонка кажа: „Дык у чым справа, нагляд жа скончаны?“ А яны кажуць, што паводле іхніх зьвестак — працягнуты. Вось і думай, каму верыць. Паглядзім, але спадзяюся на лепшае».
У 2011 годзе старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на 2 гады калёніі нібыта за ўдзел у бойцы зь мінакамі, якая адбылася за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. За некалькі месяцаў да адбыцьця тэрміну ў глыбоцкай калёніі Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны яшчэ на год нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі. Актывіст выйшаў на волю з гарадзенскай «крытай» турмы ў канцы жніўня 2013 году і трапіў пад прэвэнтыўны нагляд на 6 месяцаў, які быў працягнуты яшчэ на 3 месяцы. Паводле правілаў прэвэнтыўнага нагляду Зьміцер Дашкевіч мусіць знаходзіцца дома з 8 вечара да 6 раніцы, рэгулярна адзначацца ў міліцыі і атрымліваць дазвол на паездкі за горад.