Крычаў: суд прыняў рашэнне вярнуць грошы “Вольнаму гораду”
Суд Крычаўскага раёна пастанавіў адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 10 верасня 2013 года па наноў адкрытых абставінах і вярнуць грошы ў памеры 945 000 рублёў выдаўцу газеты “Вольны горад” Уладзіміру Кудраўцаву. Гэтую суму газета выплаціла КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” на пакрыццё імі судовых выдаткаў і аплату паслуг адваката.
Разгляд справы па заяве выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава аб пераглядзе рашэння суда Крычаўскага раёна ад 10 верасня 2013 года па наноў адкрытых абставінах праходзіў у судзе Крычаўскага раёна 4 чэрвеня. Судовае пасяджэнне пачалося ў 11-00, разглядала справу суддзя суда Крычаўскага раёна Антаніна Качанава.
На судовым пасяджэнні прысутнічаў выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў, рэдактар выдання Сяргей Няроўны, інтарэсы КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” прадстаўляла галоўны бухгалтар прадпрыемства Анжэла Семак.
На самым пачатку пасяджэння Анжэла Семак звярнулася да суда з хадайніцтвам аб пераносе судовага пасяджэння ў сувязі з тым, што адміністрацыя ПМК-280 звярнулася з пазовам да газеты “Вольны горад” у эканамічны суд Магілёўскай вобласці. Суддзя Антаніна Качанава пасля настойлівых пярэчанняў з боку журналістаў “Вольнага горада” гэта хадайніцтва не падтрымала. Тады ж высветлілася, што Вярхоўны суд РБ не задаволіў наглядную скаргу на рашэнне прэзідыўма Магілёўскага абласнога суда спыніць вытворчасць па справе, якую падала 5 сакавіка адміністрацыя КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280”.
У выніку разгляду справы суддзя Антаніна Качанава пастанавіла адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 10 верасня 2013 года па наноў адкрытых абставінах і вярнуць грошы ў памеры 945 000 рублёў выдаўцу газеты “Вольны горад” Уладзіміру Кудраўцаву.
Рашэнне суда Крычаўскага раёна можа быць абскарджана ў дзесяцідзённы тэрмін, пастанову суда ў пісьмовым выглядзе бакі змогуць атрымаць 6 чэрвеня.
Па словах рэдактара газеты “Вольнага горада” Сяргея Няроўнага, журналісты газеты задаволеныя рашэннем суда Крычаўскага раёна.
“Мы змаглі адстаяць справядлівасць і дабіцца адмены папярэдняга рашэння суда Крычаўскага раёна, - кажа Сяргей Няроўны. – Аднак нам зноў патрэбна будзе ўдзельнічаць у судовых працэсах, на гэты раз у эканамічным судзе Магілёўскай вобласці, бо на судовым пасяджэнні высветлілася, што Чэрыкаўскае ПМК-280 падала туды пазоў. Чаму яны вырашылі туды звярнуцца, можна толькі здагадвацца. Думаю, што не яны былі ініцыятарамі, хтосьці вельмі хоча, каб “Вольны горад” не даваў крытычныя матэрыялы. Але нас не запужаеш”.
Нагадаем, што 17 чэрвеня 2013 года суддзя суда Крычаўскага раёна Аляксандр Курылін вынес рашэнне па пазову аб абароне дзелавой рэпутацыі з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” супраць незалежнай газеты “Вольны горад”. Суд прызнаў распаўсюджаныя ў газеце “Вольны горад” (№ 4 ад 3 лютага 2013 года) у артыкуле “Прыгонныя” звесткі адносна КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” не адпавядаючымі рэчаіснасці і абавязаў газету “Вольны горад” апублікаваць абвяржэнне.
Пасля гэтага 10 верасня адбылося паседжанне суда Крычаўскага раёна, на якім суддзя суда Крычаўскага раёна Антаніна Качанава задаволіла чарговы пазоў КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” і пастанавіла спагнаць з журналістаў “Вольнага горада” грошы ў памеры 945 000 рублёў на карысць ПМК на пакрыццё судовых выдаткаў і аплату паслуг адваката.
27 снежня 2013 года прэзідыум Магілёўскага абласнога суда прыняў рашэнне адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 17 чэрвеня 2013, што дазволіла Уладзіміру Кудраўцаву звярнуцца ў суд з пазовам, каб яму павярнулі 945 000 рублёў, якія былі спагнаныя на карысць КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280”.
Разгляд справы некалькі разоў пераносіўся, аднак у выніку 4 чэрвеня суд Крычаўскага раёна ўсё ж прыняў рашэнне вярнуць грошы выдаўцу “Вольнага горада”.