Працэс над Андрэем Мялешкам расцягваецца
4 чэрвеня ў Гродна ў судзе Кастрычніцкага раёна быў працягнуты разгляд адміністрацыйнай справы гродзенскага журналіста-фрылансера Андрэя Мялешкі. Працэс аднавіўся а 12-й гадзіне і доўжыўся крыху больш за гадзіну, пасля чаго быў абвешчаны перапынак. Вядзе працэс суддзя Дзмітрый Кедаль.
Андрэй Мялешка скарыстаўся сваім правам на абарону. Сёння яго абараняла адвакатка з Мінску Кацярына Пятровіч. Яна даводзіла ў судзе, што журналіст не падлягае пакаранню ў судзе паводле артыкула за выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, паколькі адказнасць паводле артыкула КаАП 22.9 частка 2 мусяць несці толькі юрыдычныя асобы і ўстановы. Была выклікана ў суд сведкай і прадстаўніца медычнай установы, у якой Мялешка браў каментар у красавіку падчас акцыі “Здаровае сэрца”. Менавіта за гэты матэрыял супраць незалежнага журналіста была распачата адміністрацыйная справа.
Пасля абвешчанага перапынку суддзя Кедаль зноў перанёс працэс – на гэты раз на 11-га чэрвеня. У суд будуць выкліканы супрацоўнікі міліцыі, якія ініцыявалі складанне пратаколу пра нібыта парушэнне. Таксама суддзя паведаміў, што хоча дакладна даведацца, за што Андрэй Мялешка меў раней пракурорскае папярэджанне.