750 тысяч рублёў за плякат «Сьмерць расейскім акупантам!»
Жыхарка Менску Вольга Жураўлёва пакараная штрафам пяць базавых велічынь (750 000 беларускіх рублёў).У пятніцу 31 траўня яна правяла акцыю на Кастрычніцкай плошчы: выйшла з плякатам «Сьмерць расейскім акупантам!».
Судзіла Вольгу Жураўлёву судзьдзя Вікторыя Шабуня з Цэнтральнага раённага суду Менску.
У судзе Вольга прызнала сваю віну, таму працэсу фактычна не было — сьведкі не выступалі. Абвінавачаная падпісала пратакол, пагадзілася з пакараньнем і атрымала штраф.
У Вольгі Жураўлёвай ёсьць шасьцігадовае дзіця, зь якім яна і была на акцыі. Калі яе затрымалі, то разам зь дзіцем яна праседзела больш за чатыры гадзіны ў пастарунку, у так званым «малпятніку» ў Цэнтральнай раённай управе міліцыі, як яна кажа, з бамжамі, алькаголікамі. Прасіла, каб дзіця адтуль выпусьцілі і далі магчымасьць пасядзець каля дзяжуркі, або каб ёй далі пазваніць сваякам, каб забралі малога.
Але ёй так і не дазволілі, і малы сын мусіў сядзець зь ёй. Вольга — сябра грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва». Яна заявіла Свабодзе, што сваім учынкам выказвае нязгоду з палітыкай Расеі ва Ўкраіне.