Журналіст Андрэй Мялешка выкліканы ў суд
Гродзенскі журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка выкліканы ў суд Кастрычніцкага раёну Гродна. Сёння з раённага суду яму патэлефанавала сакратарка і запыталася, чаму яго няма ў судзе. Пазней выявілася, што позва ў суд знаходзілася на пошце. Зараз Андрэя Мялешку выклікаюць у суд на заўтра, 30 траўня на 14-ю гадзіну. Аднак журналіст мае намер заявіць хадайніцтва пра перанос працэсу. Рэч у тым, што Мялешка збіраецца скарыстацца паслугамі адваката, якому патрэбен час на азнаямленне з матэрыяламі справы.
Журналіста пераследуюць за нібыта працу на Беларускім Радыё Рацыя без акрэдытацыі. Раней Мялешку было абвешчана пракурорскае папярэджанне. Падставай для ўзбуджэння адміністрацыйнай справы стаў артыкул у красавіку, які быў змешчаны на старонцы Беларускага Радыё Рацыя і прысвечаны акцыі “Здаровае сэрца”. Нібыта журналіст е меў права апытваць дактароў, якія былі на гэтай акцыі ў паліклініцы.