Алесь Бяляцкі пра ўкраінскі канфлікт: Каб неяк навесьці масты – мусяць працаваць няўрадавыя арганізацыі
Важную ролю ў вырашэньні грамадзянскай канфрантацыі ва Украіне праваабаронца адводзіць менавіта няўрадавым арганізацыям, якім, на яго думку, давядзецца выпраўляць наступствы “цывілізацыйнага разлому”.
Алесь Бяляцкі лічыць, што карані гэтага канфлікту найперш – цывілізацыйныя і культурныя, а толькі потым – эканамічныя.
Пра гэта палітвязень напісаў у нядаўнім лісьце да каляжанкі Насты Лойкі:
"Для іх (данецкіх і луганскіх) каштоўнасьці еўрапейскія – чужыя. Прынамсі, для старэйшага пакаленьня і для малаадукаванай моладзі. Там, у іх уяўляеньні, - распуста і бязладдзе. А вось аўтарытарная мадэль Расіі – гэта тое, што яны разумеюць і што бліжэй да постсавецкага варыянту. Плюс руская мова, музыка, фільмы. І ў гэтым культурна-моўна-гістарычным катле яны адчуваюць сябе ўтульна, сваімі. І зусім іншая сітуацыя ў той жа Адэсе, дзе жыве большасьць рускіх. Але яны адчуваюць сябе больш далучанымі да еўрапейскіх каштоўнасьцяў, чым да рускага сьвету. Таму там – цывілізацыйны разлом. І каб неяк навесьці масты, залатаць дзіркі – мусяць працаваць няўрадавыя арганізацыі. Бо, па вялікім рахунку, руская культура і сьвядомасьць, яна таксама еўрапейская, толькі замкнёная і своеасаблівая, адметная дзеля адметнага гістарычнага шляху. Але ўсе лепшыя клішэ разьвіцьця ў Расіі і расіянаў усё-роўна еўрапейскія, хоць яны і ня хочуць (частка зь іх) гэта прызнаваць..."
Па словах Насты Лойкі, Алесь Бяляцкі ў кожным лісьце піша пра падзеі ва Украіне і бачна, што гэтыя падзеі яго хвалююць, што праваабаронца ў зьняволеньні імкнецца сабраць як мага болей інфармацыі, якая дазваляе яму падыходзіць да асэнсаваньня гэтага канфлікту з розных бакоў.