viasna on patreon

Праваабаронцы ўдзельнічалі ў канферэнцыі па Беларусі ў Жэневе

2014 2014-05-29T15:07:01+0300 2014-06-02T19:10:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/conference_on_belarus_geneva_27-05-2014-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч (ПЦ "Вясна") і Алег Гулак (БХК) на канферэнцыі па Беларусі. Жэнева, 27 траўня 2014

Валянцін Стэфановіч (ПЦ "Вясна") і Алег Гулак (БХК) на канферэнцыі па Беларусі. Жэнева, 27 траўня 2014

27 траўня ў Жэневе, дзе ў хуткім часе будзе прадстаўлены даклад спецдакладчыка ААН па Беларусі, адбылася Канферэнцыя па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з удзелам міжнародных і беларускіх праваабаронцаў, сваякоў палітычных вязняў і прадстаўніка Еўрапейскага Саюза ў ААН.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў Фонд Дамоў правоў чалавека. У канферэнцыі таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

Удзельнікаў Канферэнцыі па Беларусі вітала спн. Крысціна Какінакіс, кіраўнік палітычнага аддзела Дэлегацыі ЕС пры ААН у Жэнэве

Праца ўдзельнікаў праходзіла ў рамках некалькіх секцый.

Намеснік кіраўніка ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч і кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак прадставілі агульную сітуацыю на сённяшні дзень, абазначыўшы пераход ад шэраговых рэпрэсій да сістэмных і сістэматычных парушэнняў правоў чалавека.

Пра рэпрэсіі супраць апанентаў рэжыму, у прыватнасці, пра праблему палітычна матываванага пераследу і кантролю за СМІ, казалі ў сваіх выступах Ганна Герасімава, дырэктар Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Уладзімір Яворскі, каардынатар міжнароднай Рабочай групы па вызначэнні паняцця “палітычны вязень”, і журналіст Андрэй Пачобут.

Пра небяспечныя ўмовы для жыцця грамадзянаў, звязаныя з выкарыстаннем у Беларусі прымусовай працы, катаванняў і смяротнага пакарання, падчас асобнай секцыі распавялі Валянцін Стэфановіч, прадстаўнік БХК у Віцебскім рэгіёне Павел Левінаў і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда.

Пра становішча ў зняволенні кіраўніка ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага і палітыка Мікалая Статкевіча прысутным распавялі іх жонкі - Наталля Пінчук і Марына Адамовіч, нагадаўшы, што ў Беларусі на сённяшні дзень за кратамі ў крытычным становішчы застаюцца восем палітычных зняволеных.

Супрацоўнік афіцыйнага прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе перад пачаткам канферэнцыі прынёс стос асобнікаў «альтэрнатыўнага» дакладу МЗС «Найбольш рэзанансныя выпадкі парушэння правоў чалавека ў асобных краінах свету: 2013» - свайго роду адказ знешнепалітычнага ведамства тым дзяржавам, якія ўвялі санкцыі супраць Беларусі з-за парушэнняў правоў чалавека, у прыватнасці, ЗША і большасці краінаў Еўрасаюза.

«Дэманструючы гэтую справаздачу, беларускія ўлады тым самым прызнаюць універсальнасць правоў чалавека і абавязак усіх дзяржаваў свету іх выконваць, - адзначае праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч. - Калі яны, прызнаючы гэтую тэму актуальнай, бяруцца крытыкаваць на міжнародных пляцоўках іншыя дзяржавы за парушэнні правоў чалавека, то ўжо тым больш абавязаныя выконваць іх самі, чым беларускія дыпламаты, на жаль, пахваліцца не могуць».

Нагадаем, што папярэдні даклад спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасці, прадстаўлены ў кастрычніку 2013 года, выклікаў пярэчанні афіцыйнага Мінска, які заявіў, што пададзеная ў дакладзе інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, а мандат спецдакладчыка - мандат "ачарніцеля Беларусі".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства