Магілёўскія ўлады не дазволі пікет салідарнасці з Яўгенам Васьковічам
Актывісты аргкамітэта партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя мелі намер правесці яго 18 траўня ў цэнтры Магілёва.
Прычына адмовы ў правядзенні пікета, згодна з адказам чыноўніка з гарвыканкама Кунцэвіча, заключаецца ў тым, што ініцыятар пікета Алег Аксёнаў не прыклаў дамовы да заяўкі на мерапрыемства з міліцыяй аб ахове правапарадку, медыкамі, а таксама камунальнікамі. У сувязі з гэтым заўка на правядзенне пікета не адпавядае рашэнню Магілёўскага гарвыканкама ад 19 снежня 2007 года “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”.
Алег Аксёнаў кажа, што забарона ў правядзенні пікета з’яўляецца палітычна матываванай.
“Калі б чыноўнікі далі бы дазвол на правядзення пікета, то ніякіх праблем у нас б не было з усімі пералічанымі вышэй службамі, аднак яны вырашылі пайсці такім шляхам. У сваю чаргу ўсе гэтыя службы адмаўляюцца заключаць дамовы на аказанне сваіх паслуг, калі няма адпаведнага рашэння гарвыканкама. Атрымліваецца замкнёнае кола”, - гаворыць актывіст аргкамітэта БХД.
Алег Аксёнаў адзначае, што і ў іншых рэгіёнах Беларусі актвістам таксама адмаўляюць у правядзенні пікетаў салідарнасці з палітвязнем Яўгенам Васьковічам.