Журналістаў шэрагу СМІ не акрэдытавалі на чэмпіянат свету па хакеі
Журналістаў шэрагу СМІ не акрэдытавалі на чэмпіянат свету па хакеі, які праходзіць у Менску. Паводле журналістаў, словы якіх перадае сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў, яны своечасова падавалі дакументы на акрэдытацыю, але ў выніку атрымалі прабачэнні і адмовы.
Кажа прэсавы сакратар БАЖа Барыс Гарэцкі:
- Радыё “Свабода”, “ВВС”, “Еўрапейскае радыё для Беларусі”, карпункт НТВ і яшчэ шэраг выданняў, якія працуюць у Беларусі, не атрымалі акрэдытацыі на хакейны чэмпіянат. У большасці выпадкаў, як распавялі самі журналісты, адмова была матываваная тым, што Міжнародная хакейная федэрацыя, якая праводзіла акрэдытацыю, аддавала перавагу спартовым выданням.
Адначасна, паводле інфармацыі саміх спартовых журналістаў, на трыбунах хакейнага чэмпіянату з міжнароднымі акрэдытацыямі былі заўважаны нават студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны наогул не прадстаўляюць ніякіх сродкаў масавай інфармацыі.