viasna on patreon

Выйшла кніга Алеся Бяляцкага “Іртутнае срэбра жыцьця” пра падзеі 2010-2011 гадоў

2014 2014-05-14T18:22:00+0300 2014-05-14T16:08:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/srebra.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кніга напісана Алесем Бяляцкім падчас ягонага зняволення: з верасня 2012 па чэрвень 2013 года. Выданне ўключае ў сябе лісты з успамінамі, рэфлексіямі і развагамі, тут апісаны і звычайныя працоўныя будні, падзеі, што папярэднічалі арышту праваабаронцы, міжнародныя паездкі. Назва кнігі даволі вобразная, Алесь імкнуўся праз яе перадаць зменлівасць і небяспечную прыцягальнасць, пэўную халоднасць жыцця.

“Пісаць пра падзеі 2010-2011 гадоў і лёгка, бо яны, здаецца, добра-такі адбіліся ў маёй памяці, і цяжка, бо ўсё ж час няўмольна зьядае сьвежыню эмоцыяў, сотні і тысячы дробных дэталяў, якія ствараюць шматфарбную карціну жыцьця. Набягаюць новыя падзеі, новыя ўражаньні, якія адцясняюць і заціраюць старыя”, – напісаў Алесь Бяляцкі ў адным з лістоў.

Укладальніца выдання праваабаронца Алена Лапцёнак у прадмове да кнігі адзначае: “Прайшло ўжо больш за два гады з моманту арышту Алеся Бяляцкага, і палову вызначанага судом тэрміну зьняволеньня ён ужо адбыў. Але нават гэты час у пэўнай ступені не аказаўся для яго страчаным дарма, і, як чалавек з моцным утураным стрыжнем, Алесь здолеў скарыстаць яго і разбавіць аднастайнасць турэмнага побыту творчымі задумамі і іх плённай рэалізацыяй”.

Лісты-нататкі з гэтай кнігі з 4 жніўня 2013 года размяшчаліся ў асабістым блогу Алеся Бяляцкага на сайце "Беларускі партызан".

Нагадем, што гэта ўжо другая кніга Алеся Бяляцкага, якая выйшла за час ягонага зняволення. Першая – “Асьвечаныя Беларушчынай”, зараз яшчэ рыхтуецца да выдання зборнік ягоных публіцыстычных твораў “Халоднае крыло Радзімы”.

Бліжэйшым часам Праваабарончы цэнтр “Вясна” запросіць усіх жадаючых на прэзентацыю кнігі, дзе яе магчыма будзе атрымаць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства