viasna on patreon

Актывіст пасля вызвалення распавёў, як працуе канвеер зачыстак

2014 2014-05-14T15:08:30+0300 2014-05-15T15:24:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cip-akrescina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіст Мікалай Бабушкін, вярнуўшыся з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, распавёў новыя факты пра прэвентыўныя затрыманні актывістаў перад Чэмпіянатам свету па хакеі.

Пра затрыманне і суд над моладзевым актывістам Мікалаем Бабушкіным стала вядома толькі пасля ягонага вызвалення вечарам 13 траўня.

Затрымалі Бабушкіна 8 траўня каля рэстарана “Маклональдс” на праспекце Незалежнасці. Супрацоўнікі амапу звярнулі ўвагу на цэтлік з сімволікай “Еўрамайдану”. Пры затрыманні Мікалаю не дазволілі скарыстацца магчымасцю папярэдзіць родных па тэлефоне. Суд адбыўся ў нядзелю, 11 траўня. Як яму патлумачылі супрацоўнікі міліцыі, зараз вельмі шмат затрыманняў, таму суды праходзяць і ў выходныя дні.

Суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня пакарала актывіста арыштам на 5 сутак за дробнае хуліганства (арт.17.1 КаАП).

Пад час адбыцця пакарання на Акрэсціна Бабушкіна апыталі супрацоўнікі КДБ. Іх цікавіла, ці ведае ён тэхналогіі вырабу выбухоўкі, а таксама мэты ягонага знаходжання на Еўрамайдане.

Мікалаў Бабушкін таксам распавёў праваабаронцам аб тым, што Юрый Рубцоў, арыштаваны на 25 сутак пасля “Чарнобыльскага шляху”, мае праблемы са здароўем. Калі яму выклікалі хуткую дапамогу ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дактары хацелі забраць у бальніцу, але супрацоўнікі ЦІП забаранілі гэта рабіць. Апроч гэтага, Рубцову доўга не дазвалялі перадаваць неабходныя лекі. Сам Рубцоў пры арышце быў без дакументаў, таму зараз непакоіцца пра свой далейшы лёс. Са словаў Рубцова, усяго перад чэмпіянатам свету асудзілі значна болей людзей, чым пра гэта вядома: каля 250 мужчын.

Таксама ў адной камеры з Бабушкіным знаходзіўся жыхар Менска Яўген Новікаў, які распавядаў, што яго затрымлівалі непасрэдна ў кватэры, ударыўшы пры гэтым па твары, а суд над ім адбыўся 13 траўня. Новікава асудзілі на 13 сутак.

Паводле Бабушкіна, многіх арыштаваных, хутчэй за ўсё па артыкуле 17.3 КаАП РБ (распіцце алкагольных напояў у грамадскім месцы альбо з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап’янення), адразу пасля адбыцця пакарання з Акрэсціна адвозяць у суд і ў той жа дзень накіроўваюць у лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛТП). 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства