Салігорская міліцыя шукае братоў Шылаў, каб пасадзіць на “суткі”
На мінулых выходных прыватную сядзібу сям’і Шылаў, вядомых у горадзе сваёй актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю, наведалі супрацоўнікі салігорскай міліцыі. Прадстаўнікоў так званых праваахоўных органаў найперш цікавіла месцазнаходжанне братоў Івана і Іллі.
Маці маладафронтаўцаў Святлана Шыла паведаміла мясцовым праваабаронцам, што міліцыянты адкрытым тэкстам агучылі свае намеры - пасадзіць маладзёнаў на “суткі”. Супрацоўнікі міліцыі нагадалі, што ў Івана Шылы засталіся неадбытымі некалькі дзён адміністрацыйнага арышту яшчэ з часоў маўклівых акцый пратэсту.
Інфармацыю пра актыўныя пошукі братоў Шылаў “праваахоўнікамі” пацвярджаюць і іншыя дэмакратычныя актывісты Салігорска, якім напярэдадні адкрыцця чэмпіянату свету па хакеі давялося пабываць у мясцовым міліцэйскім пастарунку. У кожнага з іх людзі ў пагонах распытвалі пра месцазнаходжанне маладафронтаўцаў. Зрэшты, па словах бацькоў маладзёнаў, Іван і Ілля цяпер знаходзяцца на вучобе ў Польшы, і ў бліжэйшы час наведваць родны Салігорск ды сядаць на “суткі” не плануюць.