Суд над актывісткай БХД перанеслі на тыдзень
У Нясвіжы 12 мая распачаўся судовы працэс над актывісткай аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Наталляй Бордак, якую затрымалі 9 траўня за антываенны плакат.
Актывістку каля 10 гадз. прывезлі ў будынак суду праз чорны ход і хацелі судзіць ў кабінеце суддзі. Але знаёмыя Наталлі, якія чакалі пачатку працэсу, пабачылі гэта і запатрабавалі адкрытага разгляду справы.
Паколькі Наталля Бордак мае няпоўнагадовага сына і запатрабавала адваката, суддзя Вольга Крупец дала ёй час да 14:30 19 траўня на пошук абаронцы. Да гэтага часу актывістка была вызваленая з залі суду, паведамляе прэс-служба БХД.
Як распавяла Наталля Бордак, 9 мая яна з самаробным плакатам "Не пуцінскай вайне з Украінай!" выйшла ў парк Нясвіжа. Ніхто ёй прайсціся з ім не перашкаджаў, але на выхадзе з парку на завулку савецкім да яе пад'ехала міліцэйская машына. З яе выйшлі міліцыянты, якія затрымалі актывістку. Супраціву яна не аказвала. Нягледзячы на наяўнасць няпоўнагадовага сына, жанчыну пратрымалі ў пастарунку ўсе выходныя.
Наталле Бордак прад'яўлена абвінавачванне арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.