Міжнародныя праваабаронцы: Чэмпіянат свету па хакеі 2014 у Мінску азмрочаны затрыманнямі
Зварот праваабарончых арганізацый да Міжнароднай федэрацыі хакея
і прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі
7 траўня 2014 г.
Напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі 2014, які праходзіць з 9 па 25 мая ў Мінску, рэжым прэзідэнта Лукашэнкі распачаў бязлітасныя меры супраць палітычнай апазіцыі ў Беларусі. Па меншай меры 20 праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі былі арыштаваныя і асуджаныя да адміністратыўных арыштаў на тэрміны ад 5 да 25 сутак. Такімі рэпрэсіўнымі мерамі беларускія ўлады спрабуюць правесці аблаву на ўсіх тых, хто падчас чэмпіянату свету па хакеі гатовы выказацца супраць жудаснага становішча з правамі чалавека ў Беларусі.
Як міжнародныя праваабарончыя арганізацыi мы рашуча асуджаем сістэматычнае асуджэнне да зняволення прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі ў Беларусі. Мы патрабуем, каб прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка неадкладна і безумоўна вызваліў усіх палітычных зняволеных. Акрамя таго, мы патрабуем, каб пераслед палітычных апанентаў, які працягваецца і падчас правядзення чэмпіянату, быў неадкладна спынены. У прыватнасці, мы патрабуем, каб прэзідэнт Лукашэнка неадкладна вызваліў 9 палітычных зняволеных, якія прыгавораны да доўгіх тэрмінаў.
Да таго ж, гарвыканкам Мінска абвясціў, што напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі будзе ачышчаць горад ад усіх так званых «асацыяльных элементаў», такіх як бяздомныя, алкаголікі і прастытуткі. Утрыманне алкаголікаў і наркаманаў у спецыяльных працоўных установах з’яўляецца звычайнай практыкай для Беларусі.
Мы звяртаемся да Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай (IIHF), а таксама да ўсіх дэлегацый-удзельніц і міжнародных спонсараў з заклікам неадкладна ўмяшацца і прадухіліць запланаваную ачыстку горада ўладамі Мінска. Гэта цалкам непрымальна і жудасна, што людзі, якія знаходзяцца на перыферыі грамадства - хворыя і наркаманы – будуць прыцягнутыя да адказнасці, затрыманыя і прыгавораныя да прымусовай працы проста з прычыны правядзення чэмпіянату свету па хакеі.
Мы патрабуем, каб Міжнародная федэрацыя хакея і яе прэзідэнт Рэнэ Фазэль перасталі маўчаць і прынялі неадкладныя меры. У прыватнасці, мы жорстка крытыкуем той факт, што федэрацыя не зрабіла ніякіх захадаў, каб прадухіліць выкарыстанне чэмпіянату свету па хакеі ў якасці сродку прапаганды рэжыму Лукашэнкі. Мы асуджаем гэтае непрымальнае змешванне спорту і палітыкі, якое ажыццяўляе беларуская дзяржаўная прапагандысцкая машына пад выглядам спартыўнага мерапрыемства.
Акрамя таго, мы настойліва заклікаем Міжнародную федэрацыю хакея і прэзідэнта Фазеля адмежавацца ад палітычна матываванага пераследу беларускіх апазіцыянераў і выказацца за іх неадкладнае і безумоўнае вызваленне прэзідэнтам Лукашэнкам. Міжнародная федэрацыі хакея ў сваім рашэнні правесці чэмпіянат у Беларусі нясе прамую адказнасць за бягучыя падзеі там. Мы патрабуем ад Міжнароднай федэрацыі хакея не толькі паважаць справядлівасць і правы чалавека па-за хакейным полем, але таксама адмовіцца ад супрацы з рэжымам, які ажыццяўляе пераслед свайго народу і кідае яго за краты.
Фонд развіцця дэмакратычных ініцыятыў (Польшча)
Хельсінкскі фонд па правах чалавека (Польшча)
JEF Europe– Маладыя еўрапейскія федэралісты (Бельгія)
Libereco – Партнёрства за правы чалавека (Швейцарыя)
Асацыяцыя «Правы чалавека ў Беларусі» (Германія)
Östgruppen (Швецыя)
Людзі ў бядзе (Чэхія)