Салігорск: актывістам выносяць папярэджанні аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў
У беларускай сталіцы шахцёраў супрацоўнікі міліцыі пераследуюць мясцовых дэмакратычных актывістаў. Пра гэта паведамляюць салігорскія праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага Камітэту.
- Да нас ужо звярнуліся некалькі прадстаўнікоў салігорскай дэмакратычнай супольнасці з паведамленнямі аб тым, што супрацоўнікі міліцыі выклікаюць іх на прафілактычныя гутаркі. Некаторыя актывісты ўжо пабывалі ў РАУС, - кажа мясцовы прадстаўнік БХК Леанід Мархотка.
Па словах саміх актывістаў, міліцыянтаў цікавяць іх планы на бліжэйшыя выходныя. Зрэшты, прадстаўнікі так званых праваахоўных органаў нават не хаваюць, што іх інтарэс да “неблаганадзейных” звязаны з правядзеннем у Беларусі чэмпіянату свету па хакеі, адкрыццё якога адбудзецца 9 траўня. На сустрэчах міліцыянты выносяць актывістам афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў.