Законапраект аб амністыі не распаўсюджваецца на палітвязняў
Ужо традыцыйна ў праекце закона пакінутая фармулёўка, што амністыя не будзе распаўсюджвацца на злосных парушальнікаў рэжыма. Фармальна гэты статус замацаваны за ўсімі палітычнымі зняволенымі ў Беларусі.
Адной з галоўных умоваў вызвалення з’яўляецца поўнае спагнанне нанесенай шкоды.
У законапраекце абазначана, на каго амністыя не будзе распаўсюджана – на асуджаных за здзейсненае забойства або наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула смерць; за незаконны абарот наркотыкаў; за ўпраўленне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення; за згвалчванне.
Апроч таго, на амністыю не могуць разлічваць злосныя парушальнікі ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання; асабліва небяспечныя рэцыдывісты; асуджаныя на пажыццёвае зняволенне.
Фармулёўка пра “злосных парушальнікаў рэжыма”, па меркаванні юрыста
Паўла Сапелкі, стане перашкодай для вызвалення палітвязняў. Фармальна ўсе яны маюць такі статус.
Сёлета пройдзе трынаццатая па ліку амністыя ў Беларусі. Праект закона 2014 істотна не адрозніваецца ад папярэдніх.
Паводле падлікаў МУС, амністыя закране больш за 10 тыс. асуджаных: каля 2,1 тыс.чалавек з установаў закрытага тыпу, каля 630 – адкрытага тыпу, яшчэ для 7 тыс. зняволеных ва ўстановах закрытага тыпу і 600 для адкрытага тыпу скароцяць тэрмін адбыцця пакарання.