Ліда: суд вынес грамадскім актывістам штрафы і папярэджанні
У Лідзе 5 траўня завяршыўся суд над грамадскімі актывістамі, на якіх за ўшанаванне памяці беларускіх дзеячоў у Дзень Волі былі міліцыяй складзены пратаколы нібыта за правядзенне несанкцыянаванай акцыі. На могілках у той дзень былі людзі ў цывільным, якія перапісалі прозвішчы ўдзельнікаў акцыі памяці. Ужо 2 красавіка грамадскіх актывістаў пачалі выклікаць у міліцыю. Суд пачаўся яшчэ ў красавіку, але быў перанесены з-за таго, што на працэс не з’явіліся ўсе выкліканыя сведкі. Працэс Сяргей Трафімчыка быў вылучаны ў асобны паводле яго хадайніцтва.
Сёння ў судзе Лідскага раёну пяцёра ўдзельнікаў ушанавання памяці Сяргей Трафімчык, Вітольд Ашурак, Мурат Мусаеў, Сяргей Сідарэнка і Юры Дзяшук былі прызнаныя вінаватымі і аштрафаваныя на 5 базавых велічынь. Яшчэ двое – пенсіянеры, грамадскія актывісты Міхаіл Бурачэўскі і Станіслаў Суднік былі папярэджаныя.
Грамадскія актывісты нязгодныя з абвешчаным рашэннем, частка з іх мае намер аспрэчыць пастанову Лідскага суда ў абласным судзе.