viasna on patreon

7 траўня Віцебскі абласны суд разгледзіць касацыйную скаргу Георгія Станкевіча

2014 2014-05-04T22:51:41+0300 2014-05-04T22:51:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stankevich.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Георгій Станкевіч

Георгій Станкевіч

Настаўнік з Бешанковічаў, паэт і бард Георгій Станкевіч аспрэчвае рашэнне раённага суда. 3 красавіка яго аштрафавалі на 50 базавых велічынь за выраб і распаўсюд газеты "Крывінка", якая выдаецца на ўласныя сродкі заснавальніка.

Праваабаронцы і калегі журналісты заўважылі нямала парушэнняў падчас працэсу ў Бешанковіцкім райсудзе. Суддзя Наталля Рэут катэгарычна адмовілася перанесці працэс, каб на яго з Мінска паспеў прыехаць адвакат, абазнаны ў заканадаўстве аб СМІ. А потым выдаліла з залы і самога Георгія Станкевіча, які некалькі разоў прасіў, каб яму прадаставілі перакладчыка. Бо ён ўжо 18 гадоў прынцыпова размаўляе толькі па-беларуску, і не ўпэўнены, што зможа ўсё зразумець у рускамоўнай юрыдычнай тэрміналогіі.

Як высветлілася падчас працэсу ў Бешанковіцкім райсудзе, міліцыя ініцыявала справу супраць яго нібыта на падставе ананімнай скаргі ад ягоных аднавяскоўцаў. Аднак Георгій Станкевіч мае сумневы наконт таго, што бабулям у ягонай вёсцы Старыя Ранчыцы нейкім чынам можа замінаць "самвыдатаўская" газета "Крывінка".

Паводле версіі, выкладзенай складальнікамі пратаколу пра адміністрацыйнае правапарушэнне, аднавяскоўцы накіравалі "ананімку"ў Адміністрацыю прэзідэнта. Пад допісам была намалявана кветачка, што дадае яшчэ больш сумневаў у тым, каб такое маглі даслаць у сур'ёзную ўстанову вясковыя бабулі ці дзядулі. Але з Адміністрацыі прэзідэнта "ананімку" перанакіравалі ў абласную ўправу міліцыі, адтуль – ужо ў Бешанковіцкі райаддзел. Супрацоўнік міліцыі, старэйшы аперупаўнаважаны Дзмітрый Карасьсклаў на Георгія Станкевіча пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

За парушэнне парадку выдавецтва і распаўсюду "Крывінкі" яго судзяць ужо трэці раз. Прэтэнзіі да Георгія Станкевіча, як ён сам заўважыў, пачынаюцца падчас нейкіх значных грамадскіх падзеяў. Так, першую адміністрацыйную справу супраць яго і "Крывінкі" распачалі ў 2010 годзе. Тады якраз ішла выбарчая кампанія, і спадар Станкевіч балатаваўся ў дэпутаты райсавету. Скончылася справа судом і штрафам памерам 20 базавых велічынь. Наступны штраф у 2012 г. быў ужо ў два разы большы – 40 базавых велічынь. Сёлета спадар Станкевіч таксама браў удзел у выбарчай кампаніі, балатаваўся ў раённы і абласны саветы. Матэрыялы адміністрацыйнай справы супраць яго збіраліся непасрэдна перад самымі выбарамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства