Невядомыя здзейснілі напад на прыватны дом Кастуся Жукоўскага з-за ўсталяванага на даху ўкраінскага сцяга
Вечарам 2 траўня ў Гомелі трое невядомых здзейснілі напад на прыватны дом грамадзянскага актывіста Кастуся Жукоўскага. Яны брудна лаяліся, крычалі, зламалі замок у брамцы і намагаліся прарвацца ў двор. Як высветлілася, прычынай агрэсіі і пагроз фізічнай расправы стаў украінскі жоўта-блакітны сцяг, усталяваны на даху дома актывіста. Сцяг Кастусь Жукоўскі ўсталяваў яшчэ два месяцы таму на знак салідарнасці з брацкім народам.
«Учора вечарам жонка і дачка пачулі, што нехта крычыць ля брамкі і гучна стукае. Я спытаўся ў невядомых: што яны хочуць? У адказ пачуў брудную лаянку, пагрозы кшталту «Гэй, ты, выходзь, мы цябе заб'ём ці зараз самі да цябе залезем!» Тыя невядомыя, трое мужчын, крычалі ўсялякую лухту: пра Крым, Бандэру, Цягнібока, нейкіх дзядоў і бацькоў, якія загінулі ў вайну з фашыстамі, украінскі сцяг называлі анучай і пагражалі мне», - пракаментаваў актывіст.
Ён выклікаў міліцыю, але і ў прысутнасці супрацоўнікаў РАУС хуліганы працягвалі крычаць і брудна лаяцца. Міліцыя абяцала забраць іх у аддзел для разбіральніцтва.
Але раніцай Кастусь Жукоўскі высветліў, што тых, хто нападаў на яго дом, пагражаў яму фізічнай расправай – адпусцілі. «Раніцай мы не маглі выйсці з двара, бо тыя зламалі брамку і замок. Я выклікаў участковага і напісаў заяву. Невядомых павінны былі затрымаць і разабрацца, а не адпускаць дахаты», - лічыць жыхар Гомеля.
Ён напісаў заяву ў міліцыю, дзе просіць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці вінаватых у распальванні міжнацыянальнай варожасці і пашкоджанні маёмасці. «Яны называлі сцяг анучай, лаяліся матам, абражалі ўкраінцаў, зламалі мне брамку і замок, а іх проста адпусцілі», - падкрэсліў актывіст.