25 сутак арышту Зміцеру Дашкевічу
Учора ў Менску, прыкладна ў 22 гадзіны, каля пад’езду дома, быў затрыманы грамадскі актывіст, былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.
Супрацоўнікі міліцыі праверылі ягоныя рэчы, а затым адвезлі ў Першамайскі РУУС. Верагодна, што сёння адбудзецца суд і Дашкевіч атрымае адміністрацыйнае пакаранне.
Толькі за тры апошнія дні ў Менску прэвентыўна былі затрыманыя Максім Вінярскі, Ілля Дабратвор, Аляксандр Сцепаненка і Уладзімер Сяргееў.
Праваабаронцы лічаць што гэтыя безпадстаўныя затрыманні звязаныя з правядзеннем традыцыйнага шэсця “Чарнобыльскі шлях”, якое адбудзецца ў суботу.
Магчыма таксама, што затрыманні звязаныя з візітам у Беларусь прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, запланаванага на 29 красавіка.
***
У судзе Першамайскага раёна пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы Зміцера Дашкевіча. Суддзя - Юрый Гарбатоўскі.
На Дашкевіча складзены два пратаколы: 24.12 (парушэнне правілаў адбывання прэвентыўнага нагляду) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Зараз чакаюць сведкаў.
Сведкамі выступаюць супрацоўнікі міліцыі, якія рабілі затрыманне, -- Мазалеўскі і Руцэвіч В. В.
Сведка Азалевіч засведчыў, што пры затрыманні Дашкевіч супраціўляўся: упіраўся, прысядаў на зямлю.
Суддзя нават не агучыў цалкам матэрыялы справы.
12-10. Абвешчаны перапынак для вынясення рашэння па справе.
Прысуд - 25 сутак арышту.